Што мы ведаем пра Кацю Андрэеву?


Закладніца рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Кацярына Андрэева. Ужо падчас увязнення яе ганаравалі сама меней васьмю ўзнагародамі і прэміямі ў галіне журналістыкі. Сярод іх – прэстыжныя міжнародныя ўзнагароды: Прэмія імя Герда Буцэрыюса для свабоднай прэсы Усходняй Еўропы, «Prix Europa» ў катэгорыі «Еўрапейскі журналіст 2021 года» і Прэмія імя Аксэля Шпрынгера. Але тварам беларускай журналістыкі Каця Андрэева стала яшчэ задоўга да падзеяў 2020 года.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Расея – гэта вайна», «Пуцін – забойца»: такімі лозунгамі ў лістападзе 2016 года на Кастрычніцкай плошчы Менску сустракалі крамлёўскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва. Ён прыехаў у Беларусь, каб выступіць у Палацы рэспублікі з творчым вечарам.

Арганізатар пратэснай акцыі – Зміцер Дашкевіч. Адною з журналістаў, хто ў жывым эфіры асвятляў тую акцыю, была 23-гадовая Каця Андрэева. Менавіта яе паводле нацыянальнай прыкметы абражаў Салаўёў, а потым, праз гады, неаднаразова згадваў ейнае прозвішча:

Андрэева: Вы мяне абразілі, Уладзімір Рудольфавіч. І не першы раз.

Салаўёў: Чым? Вы хоць разумееце, што вы кажаце? Вы не беларуска!

Андрэева: Я – журналіст. Беларускі журналіст!

Салаўёў: Не. Беларускі журналіст? Ці беларуска?

Андрэева: Беларускі журналіст.

Салаўёў: Але паводле нацыянальнасці вы хто?

Андрэева: Уладзімір Рудольфавіч, вы паказваеце сябе як недалёкі чалавек. Выбачайце.

Салаўёў: Вы баіцеся сваёй нацыянальнасці? Дык я – габрэй. І я гэтага не баюся.

Андрэева: Я таксама габрэйка.

Салаўёў: Дык гэта цудоўная краіна, што вас бянтэжыць?

Каця Андрэева расла ў творчай сям’і. Ейны прадзед – журналіст. Прабабуля была першаю галоўнаю рэдактаркаю «Палескае праўды». Дзядуля быў галоўным рэдактарам газеты «Труд в Беларуси». Нашая каляжанка ніколі не вучылася на журфаку. Журналісцкая прафесія – ейнае пакліканне.

«Яна вельмі актыўная, і, я б нават сказаў, амбіцыйна да яе паставілася, каб дасягнуць нейкіх такіх вяршыняў, якія маглі б служыць прыкладам ужо для новай журналісцкай моладзі», – успамінаў яшчэ ў пачатку 2021 года дзядуля Кацярыны Андрэевай Сяргей Ваганаў.

Сапраўдны досвед у журналістыцы Каця атрымала дзякуючы сваёй працы ў беларускай службе радыё «Свабода».

«Як журналіст, які піша тэксты, яна была гатовая, разважлівая і мала памылак рабіла. Вельмі якасная была яе праца. А вось калі яна пачынала ўдзельнічаць у стрымах, то была празмерна эмацыйная. Мне заўсёды даводзілася яе падвучваць, стрымліваць, каб больш спакойна і разважліва рабіла яна гэтыя стрымы. Ну і вось апошнія яе стрымы ў 2020 годзе, канешне, сталі ўзорнымі. Яна раскрылася ў гэтым і стала сапраўднай зоркай», – распавядае журналіст радыё «Свабода» і былы калега Кацярыны Андрэевай Валер Каліноўскі.

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

Наперадзе ў Каці, маладой і амбіцыйнай, меркаваліся цудоўная карʼера ды будучыня. Але роўна тры гады таму яе і іншую нашую калегу, Дарʼю Чульцову, затрымалі лукашэнкаўскія сілавікі падчас стрыму з плошчы Пераменаў. Рэжысёр жывога эфіру Аляксандр Ганшчук працаваў з Варшавы над той трансляцыяй.

«Гэты стрым быў сапраўды ўнікальным. Ён сабраў больш за 60 тысяч людзей онлайн. Менавіта дзякуючы гэтаму стрыму дзясяткі і дзясяткі тысяч беларусаў змаглі каторы раз паглядзець на сапраўдны твар беларускай улады», – кажа Аляксандр Ганшчук.

Фотаздымкі затрыманых Кацярыны і Дар’і бачылі мільёны турыстаў у найбуйнейшых аэрапортах Еўропы і ЗША. Прозвішчы нашых каляжанак штодня гучалі ў залах парламентаў дэмакратычных краінаў свету. Вызвалення Каці Еўразвяз патрабуе дагэтуль.

«Фота Дар’і і Кацярыны ў мяне вісіць у офісе ўжо тры гады. І будзе вісець тут столькі, колькі трэба, каб я не толькі паказваў сваім калегам, але і рабіў бы ўсё магчымае дзеля вызвалення Кацярыны. Кацярына, мы з вамі! Трымайцеся! Мы ведаем, як гэта цяжка – быць у зняволенні ў Беларусі. Але мы пераможам! Жыве Беларусь!» – заявіў дэпутат Еўрапарламенту ад Літвы Пятрас Аўштравічус.

Каця Андрэева – не толькі выбітная тэлежурналістка. Напярэдадні свайго затрымання яны разам з ейным мужам Ігарам Ільяшом выдалі кнігу «Беларускі Данбас». Тэмаю кнігі стала шматгадовае даследаванне Каці і Ігара пра ўдзел лукашэнскаўскіх спецслужбаў у той вайне на баку Расеі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»