Устаноўка – закатаваць палітвязняў. Новы зліў ад «Кіберпартызанаў»


Чарговы зліву ад «Кіберпартызанаў», якія працягваюць выкрываць злачыннасць рэжыму Лукашэнкі. Гэтым разам у сеціва выкладзеныя перамовы шэрагу міліцэйскіх начальнікаў, зробленыя напачатку лета мінулага года. Злачынцы абмяркоўваюць міжсобку, як пагоршыць умовы ўтрымання для грамадзянаў, затрыманых паводле палітычных матываў.

«Хлёркай 3 разы на дзень – невыносныя ўмовы ў СІЗА МУС РБ» – гэткая назва новага зліву ад «Кіберпартызанаў» не выпадковая. На тэлефонных запісах чутно, як высокапастаўленыя злачынцы ў пагонах абмяркоўваюць міжсобку ўмовы ўтрымання ў ізалятарах грамадзянаў, затрыманых паводле палітычных матываў.

Звярніце ўвагу на дату – 16-га чэрвеня 2020-га года. То бок яшчэ да паслявыбарчых пратэстаў, якія, паводле лукашэнкавай прапаганды, нібыта і справакавалі сілавікоў на гвалт.

Пра невыносныя ўмовы ўтрымання палітвязняў, у тым ліку ў эфіры «Белсату», неаднаразова распавядалі тыя, хто сам прайшоў сучасныя беларускія засценкі. Гэта і абліванне хлёркай, і пакіданне без цёплых рэчаў у холадзе, і закідванне ў камеры з хворымі на сухоты, педыкулёз ці – як у апошнія гады – на каронавірус, і збіццё, і давядзенне да самагубстваў, і забойствы вязняў. Пры гэтым у злачынствах масава ўдзельнічаюць нават тыя, хто калісьці кляўся ратаваць здароўе іншых.

«У кантакце з медыкам, з якім мы доўга супрацоўнічалі. Ён мне паведаміў, што медыкам пастаўленая задача, каб асуджаны да наступнага тэрміну не дажываў… Я назіраў неаднаразова і смерць асуджаных: яны папросту гублялі прытомнасць і паміралі на праверках», – распавядаў нашаму тэлеканалу яшчэ ў траўні былы палітвязень Міхаіл Жамчужны.

Таксама Жамчужны, які выйшаў на волю толькі ў лютым сёлета і які за час свайго зняволення з 2014-га года пабываў практычна ўва ўсіх установах пазбаўлення волі краіны, у размове з «Белсатам» распавядаў пра шматлікія смерці, з якімі сутыкнуўся за кратамі. Былы палітвязень прызнаваўся, што больш не можа называць турэмных медыкаў інакш, як «АМАПам у белых халатах».

«Перад допытамі падследнаму давалі наркотыкі, што потым спраўджвалі самыя медыкі паводле памеру зрэнак вачэй. Калі яны заўважалі, што асуджаны не прымае гэтых псіхатропных рэчываў, то яму пагражалі прымусовым увядзеннем шляхам ін’екцыяў… Аднаго асуджанага прывезлі з Воршы – збітага, з пераломам хрыбта. Адразу ж яго змясцілі побач са мною ў карцар, нашыя карцары былі побач. Ён не рухаўся, бо пералом хрыбта, вы разумееце. Ляжаў на падлозе, адмаўляўся ад ежы. Медыкі яму не аказвалі дапамогі, бо калі яму аказваць дапамогу, трэба яго змясціць у санчастку, а гэта – дакументы, раскрыццё злачынстваў следчых. Натуральна, на гэты карцар павесілі абвестку: маўляў, каранцін – і аніякая праверка з надпісам «каранцін» да гэтай камеры не будзе дапушчаная», – узгадваў Жамчужны.

Вядома ж, гэткае стаўленне да зняволеных – злачынства, не падмацаванае аніякімі нарматыўнымі актамі, падкрэслівае кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Тайм Акт» Васіль Завадскі, які ў свой час працаваў начальнікам медычнай службы Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС. І дадае: з увагі на масавы характар падобных злачынстваў, можна ўпэўнена гаварыць і пра злачынства супраць чалавечнасці.

«Такое стаўленне можна і трэба трактаваць як катаванні, як бесчалавечнае стаўленне да людзей. А гэта ёсць тое, пра што кажа Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь узяла на сябе абавязкі выконваць і павінна выконваць», – адзначае Завадскі.

Зрэшты, законы законамі і абавязкі абавязкамі, а ў Беларусі, як мы ўсе чулі ад дыктатара, «иногда не до законов». А таму пытанне змены ўлады ў краіне – гэта і, у літаральным сэнсе, пытанне жыцця й смерці тых, хто трапіў у засценкі лукашэнкавага рэжыму.

Валера Руселік, «Белсат»