На перавыбары Пуціна ёсць тры дні


У Расеі пачаліся так званыя перавыбары Уладзіміра Пуціна. Рэальных альтэрнатываў сярод кандыдатаў няма, а праўладныя сацыёлагі прагназуюць гаспадару Крамля безумоўнае падтрыманне – 82 %. Чым гэтая выбарчая кампанія нагадвае апошнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі і ці адчуе на сабе нейкія наступствы электаральнай кампаніі Беларусь?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падрыў петарды на выбарчым участку ў Чалябінску, падпал кабінкі для галасавання ў Маскве, шмат спробаў заліць скрыні для галасавання зялёнкай. Гэтак пачаліся выбары прэзідэнта Расеі. Але на большасці выбарчых участкаў – усё спакойна.

Так званыя выбары працягнуцца да вечара нядзелі, 17 сакавіка. Расейцы маюць выбіраць з чатырох кандыдатаў: Уладзіміра Пуціна, які ідзе на пяты тэрмін; лідара ЛДПР Леаніда Слуцкага; камуніста Мікалая Харытонава і сябра партыі «Новые люди» Уладзіслава Даванкова. Усе яны – пад заходнімі санкцыямі за падтрыманне вайны Расеі супраць Украіны.

Аднымі з першых свае галасы за Пуціна аддалі жыхары Камчаткі:

– Ну як жа, каб разумненькіх выбіралі, клапатлівых – Пуціна, Пуціна!

– Для дзяржавы, напэўна, гэта важна. Асабліва для нашага Пуціна, цудоўны чалавек.

– Мая маці і мая сям’я – ўсе за Пуціна, за «Единую Россию».

– Зараз, у гэты момант краіна ў такім становішчы – абавязкова трэба прагаласаваць.

Выбары даўжынёю тры дні і дыстанцыйнае электроннае галасаванне. Папярэдне на яго зарэгістраваліся 4,9 мільёнаў расейцаў.

«У Расеі фальшаванне выбараў адбываецца не так нахабна, не ў такіх маштабах, а ў Беларусі – увогуле галасы не лічацца, у пратаколы адвольна ўпісваюцца патрэбныя начальству лічбы. Таму гэтыя тонкія маніпуляцыі – гэта, напэўна, для беларускіх уладаў ужо пройдзены этап», – лічыць палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

На сёлетніх выбарах Пуцін выглядае яўным фаварытам.

«Яны адсеклі альтэрнатыўных кандыдатаў, Дунцову і Надзеждзіна, бо ўлічваюць у Крамлі досвед няўдалы Лукашэнкі, калі зарэгістравалі Святлану Ціханоўскую, думаючы, што правадыр рэжыму лёгка яе пераможа. Маўляў, хатняя гаспадыня, досведу няма, а атрымалася мірная рэвалюцыя ў выніку», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Выбары ў Расеі.
Фота: Bulkin Sergey / Russian Look / Forum

Каманда забітага напярэдадні выбараў у калоніі апазіцыянера Аляксея Навальнага заклікае расейцаў прыйсці на ўчасткі 17 сакавіка а 12-ай гадзіне і прагаласаваць за любога кандыдата, апроч Пуціна, або сапсаваць бюлетэнь.

«Я б не чакаў тут нейкага цуду, што людзі прыйдуць і нешта само сабой адбудзецца ў палітычных элітах, напрыклад. Але ў грамадзянаў ёсць вялікі запыт заявіць пра сябе і ўбачыць такіх самых, як яны», – кажа палітолаг, працаўнік Цэнтру вывучэння грамадскай думкі і правоў чалавека імя Гагарына.

Двух патэнцыйных супернікаў – Кацярыну Дунцову і Барыса Надзеждзіна, якія ішлі на выбары пад антываеннымі лозунгамі, – адсеклі яшчэ на этапе рэгістрацыі. Дык ці можна назваць выбары пераабраннем Пуціна? І ці паўплывае вынік электаральнай кампаніі на Беларусь і на Лукашэнку?

«Пакуль ён выконвае загады Пуціна, яго ўлада ў Беларусі будзе заставацца не тое што непахіснай, але яе ніхто не будзе ў Расеі ставіць пад пытанне. І таму гэта параза для суверэнітэту Беларусі – пуцінскае пераабранне», – тлумачыць эксперт Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Рыгор Ніжнікаў.

Паводле Фонду барацьбы з карупцыяй, рэальнае падтрыманне гаспадара Крамля складае каля 48 %. Паводле ж прагнозу прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова, ягоны шэф набярэ больш за 90 % галасоў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»