Падчас саміту ЕЗ Расея атакавала Украіну «Кінжаламі»


У Бруселі пачаўся гістарычны саміт лідараў Еўразвязу. Цягам некалькіх дзён маюць пастанавіць, ці атрымае Украіна афіцыйнае запрашэнне на перамовы аб уступленні ў Еўразвяз. А другое – ці акажуць Кіеву эканамічную дапамогу на 54 мільярды еўраў і ваенную – на 24 мільярды.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і прэм’ер Вугоршчыны Віктар Орбан – першыя з прыбылых на саміт. Менавіта ад Орбана залежыць лёс Украіны. Пакуль Вугоршчына выступае супраць. Адзіная з 27 краінаў-удзельніц.

«Пашырэнне – гэта не тэарэтычнае пытанне. Пашырэнне – гэта юрыдычна дэталізаваны працэс, заснаваны на заслугах і папярэдніх умовах. Мы вылучылі сем папярэдніх умоваў. І нават паводле ацэнкі камісіі, тры з сямі не выкананыя. Таму няма ніякіх падставаў весці перамовы аб далучэнні Украіны», – заявіў прэмʼер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан

Орбан пагражаў накласці вета і на вылучэнне Кіеву пакету фінансавай дапамогі. Аднак у апошні момант вугорскі прэмʼер крыху змяніў рыторыку.

Паводле палітолага Уладзіміра Фясенкі, апроч даўняй украінафобіі і арыентацыі на інтарэсы Пуціна, матывы вугорскага прэмʼера можна патлумачыць і ягонымі інтарэсамі:

«Яны датычацца таго, што Брусель заблакаваў дастаткова вялікія сумы. Розныя крыніцы гавораць аб 30 мільярдах еўраў, якія прызначаліся Будапэшту. Але былі заблакаваныя. З-за таго, што Будапэшт, урад Орбана, сістэматычна парушалі стандарты Еўрапейскага звязу».

За дзень да саміту Еўракамісія абвесціла, што перавядзе Вугоршчыне дзесяць мільярдаў еўраў.

Але ці толькі гэтак можна пераканаць Орбана падтрымаць Украіну?

«У Еўразвяза ёсць запасны план. Гэта дапамога будзе аказвацца па лініі асобных краінаў. Часткова гэты працэс ужо адбываецца. У прыватнасці праз Нямеччыну і шэраг іншых краінаў Еўразвязу», – кажа Уладзімір Фясенка.

Тым часам у Маскве Уладзімір Пуцін упершыню пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну адказваў на пытанні на онлайн-канферэнцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт МіГ-31К з ракетаю «Кінжал».
Фота: Уладзімір Велянгурын / kp.ru

«Сёння Украіна амаль нічога ўжо не вырабляе. Ну, спрабуюць яшчэ нешта там захаваць. Але амаль нічога няма. Усё прывозяць, прабачце за маветон, ну, на халяву ўсё прывозяць. Але гэтая халява можа і скончыцца. І мяркуючы па ўсім так і заканчваецца памалу», – заявіў Пуцін.

«Калі мы нічога не вырабляем, чые ж ракеты падаюць менавіта па расейскай тэрыторыі? Дальнабойныя. Снарады айчыннай вытворчасці ў нас таксама ёсць. Грошы на пакупку таксама ёсць. Таму, ведаеце, даказваць нешта, спаборнічаючы словамі з крамлёўскім дыктатарам, жадання няма ніякага», – кажа вайсковы эксперт парталу «Defense Express» Іван Кірычэўскі.

Мэты так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі» застаюцца ранейшыя, кажа Пуцін. Гэта «дэнацыфікацыя, дэмілітарызацыя і нейтральны статус Украіны». Паводле гаспадара Крамля, дамагацца гэтага ён гатовы сілавымі метадамі.

«На два-тры гады інтэнсіўных баявых дзеянняў танкаў на захоўванні ў іх ёсць. Далей ім давядзецца рабіць новыя. А каб рабіць новы з нуля, не савецкія, а менавіта новыя, там, дзякуй Богу, у іх ёсць праблемы. З ракетамі, на жаль, не так усё вясёлкава, таму што насуперак усім санкцыям яны змаглі нарасціць тэмпы вытворчасці ў некалькі разоў. Ажно настолькі, што нават ракеты з Паўночнай Карэі ім насамрэч ужо нават не патрэбныя. І з Ірану. Ну, навошта? Сваіх хапае», – кажа Іван Кірычэўскі.

Падчас выступу Пуціна расейцы некалькі разоў падымалі ў неба знішчальнікі МіГ-31. Па ўсёй Украіне гучала паветраная трывога. Акупанты выпусцілі балістычныя ракеты «Кінжал». У Кіеве і Хмяльніцкай вобласці мясцовыя жыхары чулі гучныя выбухі. Паветраныя сілы ЗСУ заявілі, што пакуль не будуць інфармаваць аб наступствах працы па гэтых ракетах.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»