На дапамогу палітвязням скіравалі ўжо 231,9 тысячы еўра з сабранага на марафоне


Падчас марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно» на дапамогу беларускім палітвязням сабралі 545 тысяч еўра і эквівалент яшчэ 12 тысяч еўра ў крыптавалютах. На гэты момант у фонды перавялі амаль 232 тысячы еўраў.

Размеркаванне грошай, сабраных падчас марафону салідарнасці з палітычнымі вязнямі «Нам не ўсё адно», працягваецца. Паводле апошняй справаздачы Аб’яднанага пераходнага кабінету, яшчэ амаль 28 тысяч еўраў перавялі ў шэсць дабрачынных фондаў.

«43 палітзняволеныя атрымалі дапамогу і 137 семʼяў палітзняволеных ужо на гэты момант атрымалі дапамогу паводле тых крытэраў, якія былі вызначаная Нацыянальнаю радай і фондавымі арганізацыямі», – апавядае суарганізатарка марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно» Наста Базар.

Дадатковыя пераводы да раней выдаткаванай сумы атрымалі Праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітзняволеным «Dissidentby», Дабрачынны фонд «Краіна для жыцця», Дабрачынная арганізацыя «Littouwin Lions Club», Фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam», а таксама ініцыятыва «BY_help».

У пачатку кастрычніка 100 тысяч еўраў атрымаў Фонд беларускай салідарнасці BYSOL, што разнапланава падтрымлівае пацярпелых ад рэпрэсіяў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Тады кіраўнік структуры Андрэй Стрыжак заклікаў семʼі палітычных вязняў і былых зняволеных падаваць заяўкі на дапамогу памерам 500 еўраў, а таксама паведаміў пра першыя выплаты.

«…Мы аплацілі першыя 50 заявак на суму 24 600. Такім чынам, чвэрць сумы, якая прыйшла да нас у межах марафону, ужо патрачаная. З усімі спісамі і заяўкамі азнаёмяцца прадстаўнікі назіральнай рады марафону падчас выніковага правярання нашай працы», – рабіў заяву Стрыжак.

Дапамога палітычным вязням не дае спакою рэжыму Лукашэнкі. Гэтак, супраць 60-ці ўдзельнікаў марафону завялі крымінальную справу. Відэакантэнт пад назваю «Нам ня ўсё адно» прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі, а ахвяраванні на падтрыманне зняволеных – фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці.

«Я нагадаю, што з Беларусі немагчыма было данаціць, таму, калі раптам будуць нейкія гісторыі, што кагосьці затрымалі праз данат, гэта будзе няпраўда. Таму што блок, і ён не прымаў данаты з Беларусі, з беларускіх картак тым больш. Тая сістэма, праз якую збіраліся данаты, гэта «Stripe», добрая бяспечная сістэма. І мы ў іх як у партнёрах вельмі ўпэўненыя», – кажа Базар.

Пяць тысяч еўраў падчас апошняга размеркавання грошай атрымала ініцыятыва «Палітвязынка», што дапамагае палітзняволеным і рэпрэсаваным жанчынам. Паводле стваральніцы праекту Яўгеніі Доўгай, за частку грошай набылі прадукты, адзенне і побытавую хімію – у хуткім часе іх перададуць жанчынам у калонію.

Hавiны
Вольга Гарбунова: ГУБАЗіКу прыйдзецца паднапружыцца – на марафон данацілі з 86 краінаў свету
2023.10.05 17:16

Наста Печанькова, «Белсат»