Адбыліся другія гульні краінаў СНД: чаго вартыя медалі?


Літаральна сотні медалёў рознага гатунку. Такі вынік выступу зборнай Беларусі на другіх Гульнях краінаў Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Амаль без канкурэнцыі расяяне і беларусы на спаборніцтвах збіралі ўзнагароды. Чаму так атрымалася і каму быў патрэбны такі спартовы форум?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларуская каманда заняла другі агульнакамандны радок на другіх Гульнях краінаў СНД. Нашыя спартоўцы 48 разоў уздымаліся на найвышэйшую прыступку п’едэсталу, заваявалі 78 срэбраных узнагародаў і 110 бронзавых. Расяяне ўвогуле забралі з сабою амаль 300 медалёў. Чаму так адбылося і ці можна казаць пра канкурэнцыю?

«Усе гэтыя гульні на ўзроўні нейкіх абласных спаборніцтваў ці нават раённых. Узровень вельмі нізкі, а калі няма ўзроўню, то гэта не прыцягвае ні людзей, ні гледачоў, якіх сагналі на адкрыццё. Аднак ужо на астатніх гульнях іх не было. Як мы можам бачыць у сацыяльных сетках, ніякай цікавасці ў Менску гэтыя гульні не выклікалі», – зазначыў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Большасць беларускіх і расейскіх спартоўцаў праз санкцыі ўжо больш за год не могуць выступаць на міжнароднай арэне. Гульні краінаў СНД нібыта маюць такую арэну замяніць.

«Гэта спроба прапаганды зрабіць гэтыя гульні накшталт міжнародных і канкурэнтаздольных. Самі атлеты, самі спартоўцы выдатна разумеюць, што гэтыя спаборніцтвы ў спартовым сэнсе не маюць нейкага сур’ёзнага значэння», – распавядае дырэктар фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Міжнародныя спаборніцтвы без удзелу прадстаўнікоў антыдопінгавых лабараторыяў. На спаборніцтвы прыехалі больш за 4 тысячы атлетаў, аднак тэсты на допінг арганізатары літаральна праігнаравалі. Няважна, як ты выступіў, аднак ужо з медалём. Гэтак адбылося ў цяжкай атлетыцы, калі ў адной вагавой катэгорыі былі заяўленыя толькі трое спартоўцаў, што аўтаматычна выводзіла іх усіх на подыум, двое з іх – беларусы. Пра ўзровень Гульняў кажа і лік некаторых матчаў. Гэтак, у хакеі на траве былі зафіксаваныя вынікі 41:1 альбо 66:1. А жаночая гандбольная каманда Расеі нанесла паразу кыргызскай зборнай з ашаламляльным лікам 76:1.

У Беларусі прайшлі Другія гульні краін СНД. Выява: redflag.by

«Калі б гэта была проста прафанацыя, то яшчэ бог з ім, але гэта проста здзек са спартоўцаў, гэта здзек з самога спорту. Навошта выстаўляць зборную Расеі па сутнасці на юнацкую зборную іншай краіны? Які ў гэтым сэнс, я проста не разумею», – дадаў дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Сапраўдную вартасць Гульняў разумеюць іх арганізатары. Што ж да прызавых, то за залаты медаль беларускія спартоўцы атрымалі больш за 2 300$, срэбра ацанілі амаль 1500$, бронза каштавала 925$. Для параўнання: на Алімпійскіх гульнях беларускім спартоўцам за першае месца абяцалі амаль 150 000$.

Нягледзячы ж на медальны трыумф беларусаў на Гульнях, паводле незалежных медыяў, сваёй пасады можа пазбавіцца міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. Ягонае месца, магчыма, зойме былы міністр унутраных справаў Юрый Караеў.

«Безумоўна, беларускі спорт цяпер знаходзіцца ў такой дэградацыі, што шмат прычынаў змяніць міністра з ганьбай і адправіць яго ў адстаўку. Увогуле, за апошнія 30 гадоў кіравання Лукашэнкі беларускі спорт апускаўся, а з кожнай Алімпіядай станавілася ўсё менш медалёў. Але тут узгадваецца анекдот пра бардэль: як ні мяняць ложкі, вынік застанецца той жа самы», – падкрэсліў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Наступныя, трэція паводле ліку Гульні краінаў СНД маюць адбыцца ў 2025 годзе ў Азербайджане.

Павел Алейнікаў, «Белсат»