У Варшаве прайшоў грамадскі фестываль «Яднайся!»


Беларусы масава выязджаюць за мяжу ад рэпрэсіяў, галечы і проста адсутнасці здаровага сэнсу ў той сістэме, якую на радзіме навязвае нам рэжым Лукашэнкі. Але значная частка эмігрантаў не збіраецца знікаць у чужой краіне. Людзі аб’ядноўваюцца, каб змяніць сітуацыю ўдома. Сёння ў польскай сталіцы прайшоў грамадскі фестываль «Яднайся!», дзе беларусы і беларускі вырашалі як жыць далей, каб вярнуцца дадому.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Хто можа змяніць гэты свет у лепшы бок? Матываваныя апантаныя людзі, але перадусім абʼяднаныя вакол добрай ідэі. Сёння ў Варшаве, у Беларускім моладзевым хабе, у нашых суайчыннікаў была магчымасць якраз-такі наладзіць новыя сувязі з аднадумцамі.

Побач з музыкай, кірмашом і прызамі – галасаванне за прыярытэты грамадства. Побач з парадамі, як лепш адкрыць свой бізнес за мяжой – дыскусія з экспертамі, як пераканаць нашых суседзяў, што Беларусь прадстаўляе не Лукашэнка, а дэмакратычныя сілы і беларускі народ.

«Калі ўсе дэмакратычныя сілы могуць абʼяднацца, яны змогуць зрабіць значна больш для Беларусі і беларусаў, якія ў ёй і за межамі», – мяркуе Андрусь з «Free Belarus Center».

Імпрэза «Яднайся!» – гэта спроба вырашыць невырашальную задачу, абʼяднаць розныя палітычныя і грамадскія эліты для канкрэтнай дзейнасці. У прынцыпе, справіліся: пасярод працоўнага дня тут сабралася больш людзей, чым мог змясціць Беларускі моладзевы хаб.

«Беларусы – гэта нацыя супольнасцяў, на працягу дзесяцігоддзяў нас спрабуюць падзяліць, пасварыць, але мы зноў і зноў збіраемся разам», – прамовіла падчас афіцыйнага адкрыцця імпрэзы «Яднайся!» абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Дыскусія пра беларуска-ўкраінскі дыялог дзякуючы відэасувязі пашырылася на Кіеў.

Імпрэза «‎Яднайся!»‎ для беларусаў і беларусак. Варшава, Польшча. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Каб дапамагаць Украіне перамагаць акупантаў – трэба данаціць на ЗСУ, тут усё вельмі проста. Але важна разумець, што перамога Украіны, якая безумоўна будзе, яна не адразу прынясе лепшае жыццё ў Беларусі, і галоўнае, усё роўна застанецца складанасць у беларуска-ўкраінскіх дачыненнях», – падкрэслівае Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Нашае меркаванне».

Падчас панэлі аб дапамозе палітвязням – самай папулярнай – Аляксандр Кабанаў заклікаў усіх, у каго сваякі вызваляюцца з беларускіх турмаў і калоніяў, звязвацца з ім і распавесці, што адбываецца за кратамі, і хто канкрэтна «прэсуе» палітычных зняволеных.

«Там насамрэч адбываюцца злачынствы. І каб з гэтым змагацца, нам трэба канкрэтыка: прозвішчы і пасады людзей», – так «Народны рэпарцёр» і палітвязень (2020–2022) Аляксандр Кабанаў звярнуўся да ўсіх, хто выходзіць з «зоны», незалежна ад крымінальнага артыкулу.

«Арганізацыі міжнародныя, якія былі створаныя, каб дапамагаць людзям, аказаліся імпатэнтнымі. “Чырвоны Крыж” – колькі разоў мы сустракаліся – ідзіце і патрабуйце доступ да палітвязняў! У нас ёсць спіс гуманітарны, дзе людзі з цяжкімі хваробамі, няпоўнагадовыя, хворыя людзі, якіх трэба вызваляць без дадатковых умоваў. А яны кажуць, што не могуць», – абурылася Святлана Ціханоўская, у якой муж цяпер у турме.

Падчас надзвычайнага крызісу беларусы могуць абапірацца толькі на сябе самых – такую думку мне давялося пачуць ад розных удзельнікаў імпрэзы.

«Усе сродкі ад продажаў нашага “мерчу” – 100% ідзе да палітзэкаў, таксама мы маем сваю рэліквію. Мы стварылі адмысловы альбом, дзе чалавек можа прыйсці, зрабіць фатаграфію з нейкім “мерчам”, любым словам у падтрымку палітзэкаў. Мы гэтую фатаграфію адразу раздрукуем і наклеім у гэты альбом», – распавёў Вячаслаў Касінераў, праваабаронца з ініцыятывы «Дысідэнт-бай».

Сённяшні вясёла-сурʼёзны фэст у Варшаве – гэта свайго роду працяг грамадзянскай актыўнасці, якая расквітнела ў Беларусі ў 2020-м годзе. І тут таксама сустрэліся людзі розных поглядаў, але ў агульнай справе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»