Распачаты судовы працэс над Трампам


Доналду Трампу выставілі абвінавачванні ў справе аб незаконным захоўванні сакрэтных дакументаў пасля сыходу з пасады прэзідэнта. Ён віны не прызнае.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пагражаць мне чатырмастамі гадамі турмы за валоданне маймі прэзідэнцкімі дакументамі, што рабіў практычна кожны іншы прэзідэнт, – гэта адна з самых абуральных і злосных юрыдычных тэорыяў, якія калі-небудзь вылучаліся ў амерыканскім судзе. Закон аб шпіянажы выкарыстоўваўся для пераследу здраднікаў і шпіёнаў. Гэта не мае нічога агульнага з тым, што былы прэзідэнт законна захоўвае свае дакументы».

Першае паседжанне ў справе Трампа прайшло ў федэральным судзе Маямі. Працэс выклікаў выключныя захады бяспекі ды натоўпы людзей на вуліцах. Сярод іх як прыхільнікі палітыка, так і ягоныя нядобразычліўцы.

«Я думаю, што нам трэба давесці гэта ўсё да канца, бо чым больш яны гэта робяць, тым больш людзей глядзяць і кажуць: “Я галасую за яго ў 2024 годзе”. Вось што адбываецца, так што разгуляйце гэта. Любым спосабам», – кажа прыхільніца Трампа.

Дональд Трамп. Скрыншот з відэа: Bloomberg

«Нічога не будзе, гэта вялікі жарт. Цырк. Суддзя, якую прызначылі, ён яе прызначыў. Як вы думаеце, што адбудзецца? Самае страшнае – аплявуха. Магчыма, хатні арышт», – мяркуе праціўнік Трампа Домінік Сантана.

Па выніках паседжання суд не ўвёў у дачыненні Трампа ніякіх абмежаванняў на перамяшчэнне. Палітык зможа ўзяць удзел у выбарах прэзідэнта ЗША, якія адбудуцца восенню наступнага года. Згодна некаторым прагнозам, Трамп – адзін з фаварытаў выбарчай кампаніі рэспубліканцаў.

«Прэзідэнт Трамп цяпер ва ўнікальным становішчы, – мяркуе прадстаўніца Доналда Трампа Аліна Габа. – Відавочна, ён не збяжыць. На гэты момант ён ёсць вядучым кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі. Ён перажывае працэс, як было ўзгоднена з Сакрэтнай службай, і ўсё будзе адпрацавана бесперашкодна».

Па выхадзе з залі суда палітык выправіўся ў кубінскі рэстаран святкаваць свой дзень нараджэння. 14 чэрвеня яму споўнілася 77 гадоў.

Ян Федаровіч, «Белсат»