За нязгоду з рэжымам хочуць пазбаўляць персанальных пенсіяў


Больш падставаў для спынення выплатаў, сярод іншага – за нязгоду з рэжымам. Улады зацвердзілі палажэнне пра пенсіі за асаблівыя заслугі перад Беларуссю. Пастанову Савету міністраў апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі раней такой дыскрымінацыі не было, яна была на практыцы, то цяпер яна ўводзіцца ў заканадаўства. І яўна дыскрымінацыйныя з пункту гледжання правоў чалавека, з пункту гледжання міжнародны стандартаў правоў чалавека, яўна дыскрымінацыйныя патрабаванні, абмежаванні ўводзяцца на заканадаўчым узроўні», – кажа юрыст, праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Прынятая пастанова датычыць не вельмі шырокага кола. На пенсію за асаблівыя заслугі перад краінай могуць прэтэндаваць асобы, якія маюць званне Героя або ўзнагароджаныя шэрагам высокіх дзяржаўных узнагародаў, а таксама шматдзетныя маці, якія нарадзілі і выхавалі дзевяць і болей дзяцей. Могуць атрымаць такую пенсію лаўрэаты дзяржаўных прэміяў і ганаровых званняў, чыноўнікі, якія займалі ў Беларусі найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, а таксама пераможцы і прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіёны свету і Еўропы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пазбавіць пенсіі за асаблівыя заслугі могуць цяпер за прыцягненне асобы да крымінальнай адказнасці незалежна ад зняцця ці пагашэння судзімасці. А таксама тых, хто, на думку ўладаў, дзеяў супраць інтарэсаў нацыянальнай бяспекі ці ўчыніў шэраг адміністратыўных правапарушэнняў супраць ладу кіравання, грамадскага парадку і маральнасці. Падставай можа стаць і непаважлівае стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу.

Дыскрымінацыйныя захады да тых, хто выступіў супраць дзейнага рэжыму ў Беларусі, выкарыстоўваліся і раней. Так, летась адным указам Лукашэнка пазбавіў вайсковых званняў і класных чыноў больш за восемдзесят асобаў. У дадатак у многіх з іх забралі маёмасць.

«У адэкватных людзей гэта выклікае разуменне, што трэба “валіць” з краіны, а ў прыстасаванцаў і нягоднікаў эмпатыя змяняецца яшчэ большай выслугай, энтузіязмам у паклёпах і пакорай. Я не вельмі хацеў бы казаць пра тое рабства, якое хоча зрабіць рэжым, бо шлях, якім ён ідзе, вядзе да падзелу на свой-чужы і страты нашай нацыі», – лічыць чэмпіён свету і Еўропы ў самба Сцяпан Папоў.

Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, прыняты дакумент пракладае шлях іншым гэткім пастановам і стварае дадатковыя рычагі ціску на тых, хто застаецца ў Беларусі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»