У Менск прыехаў кіраўнік выведкі Расеі


Кіраўнік службы замежнай выведкі Расеі Сяргей Нарышкін – з візітам у Беларусі. У аэрапорце яго сустрэў старшыня КДБ Іван Церцель.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цягам апошніх трох гадоў Нарышкін ужо тройчы прыязджаў у нашую краіну. Акурат для перамоваў з кіраўніком Камітэту дзяржбяспекі. Але двойчы сустракаўся і з Лукашэнкам. Апошні раз – сёлета ў красавіку. Бакі тады крытыкавалі краіны Захаду, абмяркоўвалі пытанні бяспекі і не толькі.

«Пытанні да нас узнікаюць, але людзі павінны разумець, што мы не ад Бога, усяго прадбачыць не можам. І ў нас, і ў вас з’яўляюцца рознага кшталту адмарозкі», – справаздачыўся Лукашэнка.

Гэтым разам з аэрапорту Сяргей Нарышкін выправіўся ў дом Масквы ў Менску, дзе адкрыў выставу «Обыкновенный нацизм», прысвечаную «трагедыі мірнага насельніцтва Данбасу і злачынствам украінскіх неанацыстаў».

«Яны пашыраюць сваю пасіўную прысутнасць усімі гэтымі выставамі і падобнымі падзеямі. “Обыкновенный нацизм” – гэта звычайны наратыў расейскай і нават беларускай прапаганды», – кажа палітолаг, спецыяліст у пытаннях нацыянальнай бяспекі Аляксандр Казак.

Між тым акурат перад візітам расейскага госця шэраг гучных заяваў зрабіў Іван Церцель. У прыватнасці, ён расказаў, што КДБ прымае ўдзел у расследаванні выбухаў на магістралі ў Сібіры, якія ў канцы лістапада нібыта здзейсніў беларус Сяргей Ерамееў.

«Нічога надзвычайнага ў гэтым няма, – мяркуе Аляксандр Казак. – Тым больш, што ў гэтым замешаны грамадзянін Беларусі. КДБ і рэжым бачаць у гэтым пэўную пагрозу для сябе, бо калі атрымалася нешта зрабіць на БАМ, то чаму не атрымалася б зрабіць нешта падобнае ў Беларусі?»

Былога працаўніка «Нафтану» днямі затрымалі расейскія спецслужбы. Яго вінавацяць у працы на СБУ. А ў Полацку і Наваполацку дзявятага снежня КДБ правёў затрыманні знаёмых Ерамеева.

«Шчыльная супраца на ўзроўні спецслужбаў і арміяў ніколі не парушалася. Заўсёды было вялікае ўзаемапранікненне, а дакладней, пранікненне расейскіх сілавікоў у беларускія рэаліі», – кажа палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Сяргей Нарышкін.
Фота: flickr.com

Да таго ж Церцель расказаў пра візіт у Менск супрацоўнікаў ЦРУ, маршруты якіх нібыта прасачылі спецслужбы Беларусі:

«Здзіўленне ў іх выклікае той факт, што народ не галадае, транспарт працуе, людзі жывуць сваім жыццём. Гэта выклікае дысананс з той інфармацыяй, тымі ўяўленнямі, што склаліся ў грамадствах заходніх дзяржаваў».

Папярэдзіў кіраўнік КДБ і пра намер заходніх краінаў унесці раскол у адзінства сілавых структураў і элітаў лукашэнкаўскага рэжыму ды паведаміў пра харугвы на тэрыторыі Польшчы:

«На тэрыторыі Польшчы цяпер сем так званых харугваў рыхтуюцца да тэрактаў і захопу абʼектаў на беларускай тэрыторыі. Найбольш агрэсіўная харугва трэнуецца ў Беластоку на вуліцы кардынала Вышыньскага, 6а».

На гэтым адрасе ў Беластоку месціцца вядомы беларускім уцекачам і мігрантам хаб «Новая зямля». Кіраўніком жа «самай небяспечнай харугвы» Церцель называе Руслана Асадулаева – бізнесмена з Баранавічаў, які праз пераслед выехаў з Беларусі.

«Адныя зацята кажуць, што ўсе гэтыя “баевікі”, якіх рыхтуюць у Польшчы, або якія ваююць ва Украіне, не ўяўляюць ніякай пагрозы. А з іншага, часам тыя ж самыя сілавікі кажуць, што гэта страшна, што ідзе рыхтаванне і могуць быць тэракты. Хай бы яны там нейкую адну метадычку зрабілі, каб штосьці адное гаварыць», – здзіўляецца Віталь Цыганкоў.

Заўтра Сяргей Нарышкін разам Іванам Церцелем ды іншымі кіраўнікамі выведак краінаў СНД прыме ўдзел у адмысловай нарадзе ў Менску.

Ян Федаровіч, «Белсат»