Расея атакавала Кіеў балістычнымі ракетамі. Ёсць пацярпелыя


У ноч на 13 снежня расейскія акупанты атакавалі Кіеў адразу дзесяццю балістычнымі ракетамі! Сілам супрацьпаветранай абароны Украіны ўдалося збіць усе варожыя цэлі. Але ёсць шмат пацярпелых.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Над Кіевам ізноў працавала супрацьпаветраная абарона. Расейскія войскі выпусцілі па ўкраінскай сталіцы не меней за 10 балістычных ракетаў. Нягледзячы на тое, што цэлі ўдалося збіць, пацярпелі 53 асобы. У выніку падзення аскепкаў у чатырох раёнах Кіева: Галасееўскім, Дарніцкім, Дзяснянскім і Дняпроўскім – больш за 35 шматкватэрных дамоў засталіся без святла.

«Перш за ўсё ўсталі, сабраліся і выбеглі на вуліцу. А тут бачым: пажарныя заязджаюць, хуткія заязджаюць. Жах! Яшчэ і куча знаёмых у доме жыве. Асабліва ў тым пад’ездзе, куды прыляцела. Мы, дзякуй Богу, у суседнім. А там людзям не пашанцавала. Вокнаў няма! Нічога няма! Дзверы павыляталі! Гэта жах!», – распавядае 15-ці гадовая жыхарка Кіева Ганна.

«І вось як ударная хваля “лупанула” – то яно ўсё паляцела на шторы. Вокны ж вынесла. Паглядзіце, вынесла вокны вось такія цяжкія. Гэта ж быў трайны пакет. Яно ж павыносіла ўсё. Паглядзіце, што робіцца! Усё павыносіла павыбівала. Усё паламана», – кажа жыхарка Кіева Марыя.

Жыхароў пацярпелых шматпавярховікаў часова размяшчаюць у адным з «пунктаў нязломнасці». Людзі намагаюцца забраць ацалелыя рэчы і гадаванцаў.

«Я схапіла котку і сабаку і выбегла на вуліцу. На мне быў халат і футра. Цяпер я ў спартыўных штанах і футры. Спадзяюся, мы таксама зможам пракрасціся ўнутр і забраць дакументы і грошы», – кажа жыхарка Кіева Ірына.

Паводле сведкаў сённяшняга прылёту, паветраная трывога спрацавала не адразу. Спачатку яны чулі гучныя выбухі і толькі пасля – папярэджанне аб небяспецы.

Наступствы начнога налёту на Кіеў 13 снежня 2023 года.
Фота: ДСНС України / Facebook

«З улікам таго, што па балістыцы ракеты вельмі хутка набліжаюцца да вызначанай цэлі, часу на спрацоўванне сістэмы абвесткі было вельмі мала. Менавіта таму спачатку пачала працаваць сістэма супрацьпаветранай абароны, якая прыкрывае неба над Кіевам і Кіеўскай вобласцю. А ўжо толькі потым пачаў гучаць сігнал паветранай трывогі», – тлумачыць вайсковы аглядальнік, экс-спікер Генштабу ЗСУ Уладзіслаў Селязнёў.

У гэты самы час прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі быў з візітам у Злучаных Штатах. На перамовах з Джо Байдэнам ён акурат абмяркоўваў магчымасці павелічэння колькасці сістэмаў супрацьпаветранай абароны. Таксама дасягнулі згоды наконт чарговага пакету фінансавага і ваеннага падтрымання. Хаця і не ў тым памеры, на які спадзяваліся ва Украіне.

«200-мільённы пакет ваенна-палітычнай дапамогі ўключае ў тым ліку і ракеты для сістэмаў супрацьпаветранай абароны. Артылерыйскія снарады 155 і 105 калібру. Іншае абсталяванне. Тэхніка, боепрыпасы, якія вельмі неабходны зараз на полі бою. Безумоўна, гэтага вельмі мала», – кажа Уладзіслаў Селязнёў.

Амерыканскі прэзідэнт упэўніў Зяленскага ў далейшым падтрыманні Украіны, маўляў, кангрэс не мусіць рабіць Пуціну каляднага падарунка. І выказаў спадзеў, што пастанова наконт вылучэння шматмільярднай дапамогі Кіеву будзе прынятая сёлета.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»