У Менску пачалі раскансервацыю даўгабудаў


Замест гісторыка-культурнай каштоўнасці – гатэль, замест больніцы – бізнес-цэнтр. Такая перабудова сталіцы – звычайная справа для дзейнага рэжыму. Вось і цяпер у Менску аднавілі будоўлю «Газпром-цэнтру» – хмарачосу, які паўстане на месцы знесенага дзевяць гадоў таму аўтавакзалу «Маскоўскі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У сталіцы будзе менш даўгабудаў. Пра раскансервацыю аднаго з іх – расейскага «Газпром-цэнтру» – заявілі беларускія чыноўнікі. Будоўля коштам амаль 500 мільёнаў долараў была замарожаная цягам васьмі гадоў.

«Гэта паказвае, што офіс “Газпрому” ў Беларусі патрэбны. Што ў яго дастаткова тут справаў для таго, каб пабудаваць будынак і размясціць свой штат, які будзе працаваць і чымсьці займацца», – кажа дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот.

Падчас будаўніцтва змянілася прызначэнне аб’екту. Першапачатковыя грандыёзныя планы забудоўнікаў уключалі ў сябе офісныя памяшканні на 12 паверхаў, гатэль, фізкультурна-аздараўленчы, дзіцячы ды медычны цэнтры, гандлёвую галерэю з летнім амфітэатрам і кавярню. Аднак, згодна з сёлетнім указам Лукашэнкі ад 1 чэрвеня, у «Газпром-цэнтры» размесцяць бізнэс-апартаменты. Таксама дакумент прадугледжвае вызваленне інвестараў ад арэнднай платы да канца будоўлі ў 2028-м.

«Вось гэтыя ўсе паблажкі – гэта спосаб бананавых рэспублік, краін трэцяга свету прыцягнуць да сябе інвестыцыі. Такія меры немагчымыя ў цывілізаваных краінах. Таму што не можа кіраўнік дзяржавы прымаць рашэнне вызваляць кагосьці ад падаткаў на сваё меркаванне», – разважае эксперт.

Будаўніцтва «Газпром-цэнтру» пачалося ў 2015-м. Для гэтага на год раней пад патрэбы будоўлі знеслі адзін з найбуйнейшых аўтавакзалаў у Беларусі – «Маскоўскі». Ён адпрацаваў усяго 14 гадоў і мог абслугоўваць да 15 тысячаў чалавек штодня. Акрамя таго, «Маскоўскі» лічыўся архітэктурнай славутасцю – у 2002-м яго прызналі найлепшым будынкам года, а ягоныя архітэктары атрымалі дзяржаўную прэмію.

Будоўля на месцы былога аўтавакзалу «Маскоўскі».
Фота: realt.by

«Улады пачалі заніжаць лічбы самога вакзалу. Маўляў, ён перастаў быць такі патрэбны і рэнтабельны. І гэта быццам бы стала падставай, што яго трэба перапрафіляваць. І акурат «Газпром» як адзін з інвестараў прыйшоў у Беларусь. Яны тыкнулі на мапу Менску і сказалі: мы хочам гэты кавалак зямлі, і яго ім проста аддалі», – кажа былая журналістка і рэдактарка «Зялёнага парталу» Марыля Дакуцька.

Гісторыя з «Газпром-цэнтрам» не адзіная сітуацыя, калі на патрэбы забудоўнікаў аддаюць гістарычныя абʼекты. Гэтак, у 2011-м знеслі будынак першай менскай электрастанцыі – архітэктурнага помніку 1895 года – дзеля будаўніцтва сеткі пяцізоркавых гатэляў «Kempinski». У выніку комплекс паўстаў, але пад іншыя патрэбы – праз некалькі гадоў яго прадалі са зніжкаю 47 адсоткаў за 50 мільёнаў долараў расейскаму «Сбербанку». Яшчэ адзін пяцізоркавы гатэль, інвестар якога арабскі фонд «Royal Group», будуюць на месцы дэмантаваных у 2017-м шклянога будынку «БелЭкспа» і 2-ой больніцы. Абʼект на Свіслачы павінныя былі здаць у траўні 2023-га.

«Усё вырашалі толькі грошы. Калі ён інвестар, які гатовы ўкладацца ў абʼект, нягледзячы ні на што: на пратэсты людзей, на інтарэсы самога гораду, наколькі гэта будзе зручна, наколькі будзе ўпісвацца або псаваць і знішчаць нашую гісторыю – гэта ўсё няважна», – мяркуе экспертка.

Барацьбу з даўгабудамі – як прыватнымі, так і дзяржаўнымі – Лукашэнка абвесціў сёлета ў студзені. І даў загад Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва за пяцігодку скончыць працу на ўсіх абʼектах. А гэта больш за тысячу шэсцьсот будынкаў па ўсё краіне.

Наста Печанькова, «Белсат»