Ці быць закону аб адказным абыходжанні з жывёлінамі?


Абавязковае чыпаванне катоў і сабак, магчыма, хутка з’явіцца ў нашай краіне. Пра гэта сведчыць і той факт, што праект закону «Аб адказным абыходжанні з жывёлінамі» быў прыняты ў першым чытанні Палатаю прадстаўнікоў. Законапраект прэзентавала набліжаная да Лукашэнкі былая мадэль і прызначаная дэпутатка Марыя Васілевіч.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адно з новаўвядзення ў праекце закону «Аб адказным абыходжанні з жывёлінамі» – рэгістрацыя і чыпаванне гадаванца ў мясцовых адміністрацыях.

«Гэта вельмі добрая мера – чыпаванне ўсіх жывёлаў. Такім чынам можна адсачыць нядобранадзейных людзей, якія проста выкідаюць сабак на вуліцы, і прыцягнуць іх да адказнасці», – распавядае ўладальніца сабакі Аліна Скрабунова.

Гадаванец Аліны Марыё чыпаваны. Спецыяльны чып ужыўляецца, напрыклад, у шыю сабаку. Пасля чыпавання ў базу звестак уносіцца поўная інфармацыя пра жывёліну і яе ўладальніка, што дазваляе лёгка ідэнтыфікаваць сабаку.

Патрэбу ў законе, дзе будуць прапісаныя нормы абыходжання з жывёлінамі, нашая краіна мае ўжо даўно. Дакумент мае рэгуляваць развядзенне і забойства жывёлы, тое, каму нельга будзе заводзіць гадаванца, як будзе вырашацца праблема канфіскацыі жывёлінаў ва ўладальнікаў і што рабіць, калі гадаванец згубіцца ці ад яго хочуць адмовіцца.

Спрэчкі, колькі ўсяго можна мець гадаванцаў, узнікалі неаднаразова. Новы законапраект прадугледжвае, што ў кватэры можна будзе трымаць колькі заўгодна сабак і катоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прытулак для жывёлінаў «Сірыюс». Вёска Фёдараўка, Украіна. 31 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Я мяркую, што такіх выпадкаў будзе няшмат, калі будзе вялікая колькасць жывёлаў. Я не думаю, што жыхары будуць ствараць прытулкі ў сябе ў кватэрах. Ёсць іншыя дакументы, якія рэгулююць правіла пражывання, і згодна з імі можна будзе рэгуляваць гэтую колькасць», – удакладніў Зміцер Кухлей, былы дэпутат Мастоўскага райсавету, эксперт у мясцовым самакіраванні.

У законе можа зʼявіцца вельмі важны пункт, які прадугледжвае забарону на забойства адлоўленых безнаглядных сабак і катоў. Калі бадзяжных жывёлінаў адловяць, то далей накіруюць у прытулкі. Прапаноўваецца шлях адлову і кастрацыі, як робяць у шматлікіх краінах свету. Аднак у беларускім праекце не ўдакладняецца, хто і на якім этапе будзе гэтым займацца. Цяпер у прытулках шмат сабак, якія згубіліся ці былі выкінутыя людзьмі на вуліцу.

«Павінна прыцягнуць максімальныя намаганні зоаабаронцаў і людзей-энтузіястаў, якія сёння гэтым займаюцца. Ёсць вельмі шмат людзей, якія намагаюцца трымаць бяздомных жывёлінаў у сябе ўдома, у кватэры. Патрэбна ствараць якія-небудзь прытулкі, альтэрнатыўныя дзяржаўным. Усе гэтыя рэсурсы павінны быць задзейнічаныя ў абавязковым парадку», – кажа ветэрынарны лекар Аляксей Цюлькоў.

Улады плануюць чарговы раз павялічыць падатак на сабак. Грошы маюць ісці на пабудову пляцовак для выгулу, якіх вельмі не стае. Аднак некаторыя сабачнікі ўпэўненыя, што галоўнае не месца выгулу, а культура.

«Самы просты крок, які трэба зрабіць, – гэта навучыць людзей карыстацца такімі пакуначкамі (яны нават ёсць, якія раскладаюцца і не шкодзяць прыродзе) і прыбіраць за сваім гадаванцам. Гэта лепш, чым нейкія там пляцоўкі для выгулу сабак. Я са сваім сабакам магу хадзіць па горадзе, знаходзіцца ў гэтым парку, дзе прыемная атмасфера. Мне нічога не шкодзіць і мне нічога дадатковага не трэба, вось толькі гэтая рэч», – зазначыла ўладальніца сабакі Аліна Скрабунова.

Пасля прыняцця праекту закону «Аб адказным абыходжанні з жывёлінамі» Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні яго вынеслі на народнае абмеркаванне.

Павел Алейнікаў, «Белсат»