Ад рэжыму Лукашэнкі цярпяць нават жывёліны


У Беларусі гуманітарная катастрофа з хатнімі гадаванцамі тых, каго сілавікі кінулі за краты або змусілі ратавацца ўцёкамі з краіны. Канкрэтныя гісторыі ад валанцёрак Ганны і Любы, якія заклікаюць не заставацца абыякавымі.

Люба займалася дапамогай хатняй жывёле ў вольны час, ратуючы тых, хто быў у найцяжэйшым стане. Гэтак у яе апынуліся пяць старых і вельмі хворых сабак. Толькі аднаму з іх, напрыклад, неабходна для харчавання каля 600–700 рублёў штомесяц, а аперацыі для іх каштавалі 1000–1500 рублёў.

Але Любе тэрмінова прыйшлося пакінуць Беларусь, пасля таго як яна правяла ў Кастрычніцкім РАУС Менску 13 содняў за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, а далей ёй пагражалі тры гады за кратамі. У выніку ёй даводзіцца падтрымліваць сваіх хатніх гадаванцаў на адлегласці, і пры гэтым Люба яшчэ працягвае дапамагаць іншым.

«Паўкраіны сядзіць у турме, паўкраіны з’ехала – і проста жывёлу браць няма каму», – тлумачыць зоаваланцёрка.

Іншая валанцёрка Ганна дадае, што ў Беларусі цяпер сапраўдная гуманітарная катастрофа з беспрытульнымі хатнімі жывёлінамі, бо шматлікія людзі, якія дапамагалі раней, цяпер або арыштаваныя, або вымушаныя былі пакінуць краіну.

«З жывёлінамі палітвязняў напачатку было ўсё вельмі дрэнна. Калі быў хапун, то жывёліны заставаліся ў кватэрах, і было такое, што нехта паміраў», – дзеліцца Ганна.

Сёння для дапамогі такім гадаванцам у Беларусі ёсць магчымасць платнай ператрымкі (адныя содні ў сярэднім каштуюць 7 рублёў), на што Ганна (у «Фэйсбуку» @hanna.huryna) адкрыла збор на Pomagam.pl. Таксама можна набыць корм для жывёлы праз беларускія крамы і адрасна дапамагчы. Апроч гэтага, ёсць магчымасць узяць жывёліну да сябе або дапамагчы вывезці яе за мяжу (адна перавозка каштуе ў сярэднім 300 еўраў).

«Наша любая капейка – яна падымае дух валанцёрам. Тыя няшчасныя валанцёры ў Беларусі – яны разумеюць, што нам не пофіг», – дзеліцца Ганна.

Валанцёрка Люба (у «Інстаграме» @adopt_pet_minsk) звяртаецца да гледачоў праграмы «Беларус беларусу» па юрыдычную дапамогу ў пытанні адкрыцця прытулку для жывёлы ў Польшчы, а таксама, магчыма, нехта адгукнецца на ейную просьбу аб дапамозе ў працаўладкаванні.

Такім чынам, вы маеце магчымасць дапамагчы беспрытульным хатнім жывёлінам:

даць грошы (праз Pomagam.pl або нашую праграму);

купіць корм і адправіць яго на адрас;

узяць хатняга гадаванца ў Беларусі ці дапамагчы ў яго вывазе за мяжу.

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.