Савет Міністраў вызначыўся з новай дзяржаўнай кадравай палітыкай


Мінус 44 тысячы адмыслоўцаў толькі за 2023-ці год. Улады ўзяліся развязваць праблему нястачы працоўных рук. Савет Міністраў вызначыўся з новаю дзяржаўнаю кадраваю палітыкай – адпаведную пастанову апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.

Паводле дакументу, тром міністэрствам – працы, фінансаў і юстыцыі – даручылі матываваць працаўнікоў да «больш працяглых працоўных дачыненняў» – для гэтага плануюць удасканаліць працу паводле кантракту.

Новаўвядзенні закрануць бюджэтнікаў: базавую стаўку, да якой прывязаны іхны заробак, плануюць павышаць штогод. Гучыць прыгожа, але ёсць нюанс:

«Базавую стаўку дзяржава паднімае штогод. Безумоўна, гэта робіцца, каб кампенсаваць узровень інфляцыі, які цяпер у Беларусі працягвае расці. Таму нельга зараз казаць пра рэальны ўзрост заробка дзяржслужачых праз павышэнне гэтай стаўкі», – кажа Дзяніс Садоўскі, сябра рады Свабоднага прафсаюзу Беларусі.

Таксама чыноўнікі распрацоўваюць захады для барацьбы з працоўнаю міграцыяй. Каб утрымаць маладыя кадры ў сельскай мясцовасці, прапануюць пазачарговыя ільготныя крэдыты. Да таго ж моладзь у вёсках забяспечаць жытлом.

«У рэальнасці там можа быць шмат якіх дадатковых умоў у гэтых законах, калі з-за гэтых умоў чалавек ці не можа скарыстацца гэтымі крэдытамі, альбо яны накладаюць на яго дадатковыя абавязкі. Напрыклад – 10 год працаваць на гэтым прадпрыемстве, праз якое ён атрымлівае гэты крэдыт», – дадае Дзяніс Садоўскі, сябра рады Свабоднага прафсаюзу Беларусі.

Як вынікае з дакументу, у чыноўнікаў прыбавіцца абавязкаў: цяпер яны будуць адказныя за маральнае аблічча работнікаў. Гэтак у дзяржаўных органах увядуць «правілы карпаратыўнай этыкі». На прадпрыемствах будуць развіваць грамадзянскасць і патрыятызм.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі – 9 мільёнаў дзвесце тысячаў жыхароў, пры гэтым менш за палову з іх занятыя ў эканоміцы. І сітуацыя працягвае пагаршацца. Колькасць занятых скарачаецца апошнія 10 гадоў. Але адчувальна працэс разагнаўся пасля 2020-га. Цягам трох гадоў працаўнікоў паменела на 450 тысячаў.

«Гэта звязана з тым, што беларуская эканоміка фундаментальна неканкурэнтаздольная ў тым, што тычацца прыцягнення кадраў і ў тым, што тычыцца прывабнасці для людзей. Без змянення гэтых фундаментальных фактараў, палітыка, якой займаецца Лукашэнкаўскі рэжым, ні да чаго не прывядзе», – кажа Алесь Чайчыц, публіцыст, адмысловец у міжнародных эканамічных стасунках.

Каб перамагчы кадравы дэфіцыт, у Беларусь запросяць замежнікаў. Для гэтага правядуць рэкламную кампанію, якая апавядзе пра бонусы працы на нашых прадпрыемствах.

Таксама прапануюць вярнуцца беларусам, якія з’ехалі за мяжу. Гэтым зоймуцца МУС і МЗС: між іншага яны працягнуць апрацоўваць звароты ў камісію для вяртання. Паводле галоўнага пракурора Андрэя Шведа, за год, што тая працуе, праз яе на радзіму вярнуліся каля 10-ці чалавек.

Як адзначаюць эксперты, сярод прычынаў кадравага голаду – дэмаграфічны правал: асобаў сталага веку ў краіне пражывае адчувальна больш за маладых. Моладзь, у сваю чаргу, шукае лепшага заробку і бяспекі – таму будуе жыццё за мяжою. Пераламіць гэтую сітуацыю прапановамі Саўміну не ўдасца, упэўнены Алесь Чайцыц:

«Гэтыя меры – выключна касметычныя. Гэта нейкія пустыя словы, што трэба стварыць прывабныя ўмовы і даваць магчымасць развіццю і гэтак далей. Але ўсё гэта перакрэсліваецца глабальнымі фактарамі: такімі, што ў Беларусі аўтарытарны рэжым і беларуская эканоміка ізаляваная ад Захаду».

Паводле Міністэрства працы, найбольш у краіне не стае слесараў, кіроўцаў і дактароў. Асабліва – высокай кваліфікацыі: анколагаў, анестэзіёлагаў, хірургаў і педыятраў. У сталічных клініках ім гатовыя прапанаваць заробак тры тысячы беларускіх рублёў.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»