Роўмінг паміж Расеяй і Беларуссю не адменяць


Доўгая гісторыя з адменаю роўмінгу паміж Беларуссю і Расеяй, відаць, скончылася. Беларускі пасол у Маскве Дзмітрый Крутой падчас паседжання Савету міністраў Саюзнай дзяржавы назваў «зніжэнне тарыфаў на роўмінг» адною з перавагаў інтэграцыі. Пра адмену – размовы ўжо не вядзецца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Важны блок саюзнай інтэграцыі – роўныя правы грамадзянаў. У нас ужо ўзмоцненая адрасная сацыяльная дапамога, палепшаныя ўмовы працы для асобных катэгорыяў, адменены дазвольны парадак найму на працу, зніжаныя асобныя тарыфы на роўмінг. Але мы на гэтым не спыняемся. На даручэнне кіраўнікоў дзяржаваў мы актыўна працуем для далейшага зніжэння тарыфаў на роўмінг», – заявіў амбасадар Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой.

Пастанову адмяніць тэлефонны роўмінг паміж Расеяй і Беларуссю Найвышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы прыняў яшчэ ў чэрвені 2017 года. Аднак больш чым за шэсць гадоў уладкаваць пытанне не атрымалася.

«Няздольнасць дабіцца адмены роўмінгу цягам ужо колькі год дэманструе рэальную няздатнасць Беларусі і Расеі на інтэграцыю. І калі кажуць, што заўтра Расея праглыне Беларусь і ўсю Украіну, згадваецца працэс адмены гэтага роўмінгу», – лічыць рэдактар выдання «Беларусский ежегодник» Вадзім Мажэйка.

У канцы 2022-га Крутой тлумачыў праблему так: аператары прыватныя, у кожнага свае бізнес-інтарэсы і іх цяжка пасадзіць за адзін стол перамоваў. Чаму бізнес не ідзе насустрач? Спыталі ў эксперта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels / Pixabay

«Калі проста прыходзяць і просяць даць нешта “нахаляву” – гэта ніводнаму бізнесу не спадабаецца. Але так, гэта проста дэманструе ўзровень палітычнай волі і гатовасць інвеставаць у беларуска-расейскую інтэграцыю. Адмена роўмінгу – гэта не найвышэйшы палітычны ўзровень, тут няма палітычнага канфлікту. Тут папросту бізнесовы канфлікт, вельмі маленькі. Але і яго не могуць вырашыць», – дадае Вадзім Мажэйка.

З чэрвеня 2017 года атрымалася дамовіцца адно пра паніжэнне тарыфаў. Паводле роўмінгавага тарыфу аператара «А-1» выходны выклік з Расеі ў Беларусь будзе каштаваць амаль дваццаць восем капеек. На ўваходны выклік даюць сорак бясплатных хвілінаў на месяц, пасля чаго прыйдзецца заплаціць дванаццаць капеек за кожную хвіліну. Адное СМС-паведамленне каштуе сем капеек, а за выкарыстанне аднаго мегабайта інтэрнэту возьмуць больш за чатыры рублі. Для параўнання: адная хвіліна выходнага выкліку з тэрыторыі Еўразвязу каштуе больш за чатыры рублі.

«Большасць людзей пераходзяць у лічбавую сферу. Таму самае галоўнае – якія тарыфы будуць на інтэрнэт», – лічыць доктар навук, дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот.

Яраслаў Кот лічыць, што чыноўнікі ад Саюзнай дзяржавы, рапартуючы пра танныя тэлефанаванні, намагаюцца імітаваць бурную дзейнасць.

«Гэта нейкі прагрэс, нейкія навіны, што выглядаюць пазітыўнымі. Іх папросту выкарыстоўваюць як палітычную навіну, якая дэманструе людзям, што збліжэнне ідзе», – дадае Яраслаў Кот.

У межах Еўразвязу плату за роўмінг адмянілі акурат з чэрвеня 2017 года, а кошт мабільнага інтэрнэту застаецца такім жа ў любой з краінаў аб’яднанае Еўропы.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»