У Беларусі ўвядуць квоты на працаўладкаванне асобаў з інваліднасцю


Працоўная міграцыя, адсутнасць спецыялістаў з патрэбнымі навыкамі, дэмаграфічная яма 90-х. Такія прычыны недахопу працоўных рук называюць прадпрымальнікі. Разумее праблему і рэжым. Што плануюць рабіць з перапоўненым банкам вакансіяў, якія чаканні ды асцярогі ў прадпрымальнікаў?

Фундаментальнаю праблемаю рынку працы сёлета станецца дэфіцыт кадраў. Такі прагноз адзначылі тры чвэрці кампаніяў у апытанні парталу rabota.by. Прыблізна 70% адчулі дэфіцыт кадраў і летась. Паводле Міністэрства працы, адным са спосабаў выправіць сітуацыю можа выглядаць увядзенне налета абавязковых квотаў на працаўладкаванне асобаў з інваліднасцю.

«Такія меры ну ніяк не могуць паўплываць на колькасць занятых працоўных месцаў. Калі было б магчыма, ні адзін прадпрымальнік не адмовіўся ад таго, каб прыняць на работу чалавека з абмежаванымі магчымасцямі, каб ён яму зарабляў грошы. Прабачце за папулізм, але гэта менавіта так», – заявіў бізнесовец, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

Працадаўца абавязаны забяспечыць і пэўныя ўмовы: сямігадзінны рабочы дзень, захаванне аплаты працы, як у людзей са стандартнай занЯтасцю, асаблівыя патрабаванні да распарадку дня і працягласці адпачынку. Калі наймальнік не створыць працоўных месцаў, давядзецца сплаціць да ста базавых велічыняў. Як да новаўвядзенняў паставяцца прадпрымальнікі?

«Гэта або чарговае абмежаванне, або спроба дзяржавы вырашыць свае асабістыя праблемы за кошт іншых людзей. У дадзеным выпадку – прадпрымальнікаў. Гэта ўсім не падабаецца. Гэта дадатковыя выдаткі, падвышэнне коштаў і іншае», – дадаў Аляксандр Кныровіч.

Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі – прыблізна 120 тысяч асобаў з інваліднасцю, якія маюць працоўныя рэкамендацыі. З іх працаўладкаваныя 60 адсоткаў. Сярод папулярных спецыяльнасцяў – машыніст, качагар кацельні, цырульнік, касір-кантралёр, прадавец ды іншыя. Часцей за ўсё асобы з інваліднасцю працуюць у асобных вузкаспецыялізаваных арганізацыях. Ці дапамогуць такія квоты на прадпрыемствах працаўладкавацца асобам з інваліднасцю?

«Гэта глыбокая комплексная праблема соцыуму. Проста прызначыць кагосьці аднаго, або нейкую адну групу грамадзян адказнымі, што як толькі вы інваліда на працу возьмеце, то ўсе праблемы вырашацца. Я не бачу, што так атрымаецца вырашыць праблемы», – заявіла беларуская актывістка, асоба з інваліднасцю Аляксандра Гушча.

Прадпрымальнік мусіць стварыць і адмысловую інфраструктуру. Аднак дзяржава гатовая прафінансаваць выдаткі на спецыялізаваныя працоўныя месцы толькі бюджэтным арганізацыям. Паводле Аляксандры Гушчы, у стварэнне таго ж безбар’ернага асяроддзя прыватнікі ўкладацца не будуць, таму праграма, нібыта створаная для падтрымання асобаў з інваліднасцю, ператворыцца ў фарс.

«Як я гэта бачу? Людзі будуць проста ствараць нейкія працоўныя месцы з заробкам у 1 базавую велічыню. Будуць браць кагосьці вахцёрам, або прапаноўваць іншую нізкакваліфікаваную працу», – дадала Аляксандра Гушча.

Чым, акрамя дадатковых выдаткаў, патрабаванняў і сістэмы штрафаў матываваць прадпрымальнікаў браць на працу асобаў з інваліднасцю, у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны не паведамляюць.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»