Дэмакратычныя сілы заклікаюць увесці новыя санкцыі супраць Лукашэнкі


Вызваленне беларускіх палітвязняў і абарона незалежнасці Беларусі мусіць стаць прыярытэтам у новай стратэгіі Еўразвязу адносна нашай дзяржавы. Такую пазіцыю прадставіла сёння ў Бруселі адмысловая дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілах на перамовах высокага ўзроўню – на Кансультатыўнай групе «Еўразвяз-Беларусь». Ці варта чакаць новых санкцыяў супраць Лукашэнкі і ягоных актываў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і беларускага народу, за ваенныя злачынствы, звязаныя з дэпартацыяй украінскіх дзяцей, і за саўдзел у акце расейскай агрэсіі. З такой задачай у Брусель яшчэ ў нядзелю паехала дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў на чале са Святланай Ціханоўскай.

«Ціханоўская ў першы дзень візіту сустрэлася з міністрамі замежных справаў, якія выпрацоўваюць палітыку. Сёння адбываецца сустрэча з чыноўнікамі, якія гэтую палітыку будуць рэалізоўваць, а заўтра Еўрапарламент прымае рэзалюцыю па Беларусі і беларускіх палітвязнях. І таму нам удасца за гэтыя 3-4 дні не толькі абнавіць разуменне сітуацыі, але і выпрацаваць наступныя крокі», – паведаміў «Белсату» галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

У паседжанні Кансультатыўнай групы «Еўразвяз-Беларусь» нашую краіну прадстаўляў Аб‘яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная Рада, Штаб Віктара Бабарыкі, беларускія незалежныя медыі і праваабаронцы. З боку Еўразвязу – Служба замежных дзеянняў, Еўракамісія, Офіс унутраных справаў, Офіс усходняй палітыкі ды іншыя.

«Мы прапанавалі спецыяльны санкцыйны пакет за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, за палітзняволеных. Гэта мог бы быць ультыматум рэжыму Лукашэнкі, калі гэты пакет уступіць у сілу, калі ён не зробіць крокі насустрач па вызваленню палітзняволеных», – распавёў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Падтрымка еўрачыноўнікаў патрэбная дэмакратычным сілам і на міжнароднай арэне. Напрыклад, у панядзелак у Брусель з’ехаліся міністры замежных справаў краінаў «Усходняга партнёрства» – адмысловай праграмы для Азербайджану, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Месца Беларусі за сталом перамоваў у гэтай пляцоўцы – часова пустое, але нашую краіну могуць прадстаўляць дэмакратычныя палітыкі, а не стаўленікі Лукашэнкі. Тым больш цяпер, калі еўрапейцам трэба пераконваць партнёраў дапамагаць Кіеву.

«Кожная дзяржава ва “Усходнім партнёрстве” пацярпіць ад наступстваў вайны Расеі супраць Украіны. І не толькі яны, але і дзяржавы, якія мяжуюць з Расеяй, як Літва. Рэзананс будзе рэгіянальны і нават глабальны», – заявіў напярэдадні міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

З міністрамі замежных справаў і еўрачыноўнікамі давялося падыскутаваць аб пашырэнні санкцыяў ды як мінімум пра тое, што іх нельга адмяняць. Павел Латушка прадставіў інфармацыю, што калійны дэфіцыт на сусветным рынку, пра які трубіў Лукашэнка, не пацвердзіўся.

«На жаль, ёсць праблема, звязаная з лобінгам некаторых чальцоў Еўразвязу, каб зняць санкцыі з беларускага калію. Мы супраць гэтага, нас падтрымліваюць Літва і Польшча. Мы прынцыпова на гэтай пазіцыі, але трэба шукаць дадатковыя аргументы», – тлумачыць Павел Латушка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская прымае ўдзел у паседжанні Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Саюзнікі знайшліся – Еўрапейская камісія і ўпаўнаважаны ў пытаннях санкцыяў. Ад заўтра і да пятніцы ў Бруселі будзе саміт кіраўнікоў дзяржаваў Еўразвязу, а ў Еўрапарламенце хутка падрыхтавалі адмысловую рэзалюцыю ў справе палітвязняў.

«Анансавана было, што Еўразвяз вылучае дадатковую дапамогу для Беларусі, і з гэтай дапамогі 5 млн еўраў будзе прысвечана беларускай культуры. Упершыню ў гісторыі Еўразвяз падтрымлівае на такім узроўні праекты прамоцыі беларускай мовы, ідэнтычнасці. І ні ў якой іншай краіне яны не маюць такіх праектаў, як у Беларусі, бо яны разумеюць, што зараз беларуская ідэнтычнасць пад пагрозай», – падкрэсліў Франак Вячорка.

Пра падтрыманне беларускай культуры ішла гаворка і на ранейшых двухбаковых перамовах Святланы Ціханоўскай з міністрам замежных справаў Швецыі Табіясам Більстрэмам.

«Таксама размаўлялі пра падтрымку культурных ініцыятываў. Швецыя вельмі моцна падключылася да падтрымкі нацыянальнай ідэнтычнасці Беларусі», – распавяла «Белсату» абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Сустрэчы з кіраўніком еўрапейскай дыпламатыі, выступ Святланы Ціханоўскай на паседжанні міністраў замежных справаў ды сённяшняя Кансультатыўная група «Еўразвяз-Беларусь» былі запланаваныя даўно, але прайшлі адразу пасля тыдню Стратэгічнага Дыялогу ў Вашынгтоне, дзе беларускія дэмакратычныя сілы вялі перамовы наўпрост з амерыканскім урадам.

«Аднолькавая пазіцыя наконт Беларусі, абʼяднаная палітыка вельмі важная, каб ціснуць на рэжым Лукашэнкі і дапамагаць беларусам», – тлумачыць Святлана Ціханоўская.

Сустрэцца з міністрам замежных справаў Украіны, які гэтымі днямі таксама быў у Бруселі, пакуль не атрымалася.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»