Беларусь завяршае 12 заходніх праектаў


Беларусь завяршае дванаццаць праектаў, фінансаваных на працягу апошняга дзесяцігоддзя трыма замежнымі банкамі. Гаворка пра суму інвестыцыяў больш чым на 1 мільярд еўраў, якія ішлі на рэканструкцыю дарог і мастоў, на мадэрнізацыю сістэмаў аховы здароўя і адукацыі, на паляпшэнне якасці камунальных паслуг. Адным словам, рабілі для людзей і давалі ім працоўныя месцы. Чаму рэжым адмаўляецца ад далейшай супрацы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пакуль цёпла службы рамантуюць дарогі, з’едзеныя часам і адсутнасцю належнага абслугоўвання. Людскіх нараканняў на стан дарог усё больш, (58,6 % паводле Акадэміі Навук). Але прэмʼер Раман Галоўчанка кажа, што спраўляецца з выкананнем праграмы «Дарогі Беларусі»:

«Як патрабуе таго прэзідэнт, на наступны год мы прывялі б практычна ўсе дарогі ў нарматыўны стан. Хаця яшчэ раз паўтаруся, гэта вельмі дарагая рэч».

Выдаткі з бюджэту на рамонт дарог павялічылі да Br 1,2 млрд, што адно залатае праблемы. Да падзеяў 2022 году ва Украіне інвеставалі ў дарогі заходнія фінансавыя арганізацыі.

Адзін праект Еўрапейскага банку развіцця – «Рэканструкцыі мастоў і аўтадарогі М-3» – гэта € 1,445 млрд. У чатыры разы больш за сёлетнія выдаткі на дарогі з рэспубліканскага бюджэту.

Указам Лукашэнкі № 282 гэты замежны праект у ліку яшчэ дванаццаці – завершаны. Усе былі ад Міжнароднага ці Еўрапейскага банкаў рэканструкцыі і развіцця. Ды ад Паўночнага інвестыцыйнага банку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.
Фота: n-link.az

«На гэтую супрацу ніяк не паўплывалі выбары ў Беларусі 2020-га году, колькасць палітвязняў, ціск на грамадства ў Беларусі. Але вайна спыніла гэтую супрацу. Таму гэта цалкам палітычная падзея», – лічыць бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Праекты стартавалі ў прамежку 2012-19 год. І праца завершаная не па ўсіх. Дзеля спрыяння рынкавай эканоміцы і дэмакратыі замежнікі будавалі дарожную і экалагічную інфраструктуру, сістэмы абезжалезвання вады, як у Віцебскай вобласці. На мадэрнізаванне сістэмаў аховы здароўя і адукацыі, у тым ліку паляпшэнне ўмоваў навучання ў 220 вясковых школах, на павышэнне якасці камунальных паслуг. Агульная сума інвестыцыяў у дабрабыт беларусаў склала € 1 203 415 000.

«Усе гэтыя праекты выконваліся фармальна. Усё зводзілася да запаўнення некалькіх радкоў у плане, рэгулярныя спрваздачкі і адпіскі. Вялізная колькасць навуковых даследаванняў па вертыкалі проста распілоўваліся, да непасрэдных выканаўцаў лічаныя грашы даходзілі», – распавёў доктар Яраслаў Кот, заснавальнік «BelGameDev» і дарадца ABBA.

Інвестары пра карупцыю ведалі, кажа суразмоўца «Белсату», але каб рэалізаваць хоць частку праграмаў, заплюшчвалі вочы на ліпавыя справаздачы.

А такімі яны былі і ў выпадку супрацы з Еўразвязам, які фінансаваў аднаўленне помнікаў архітэктуры, дадатковае навучанне для школьнікаў, для прадпрымальнікаў, будаваў спартовую і гістарычную інфраструктуру. Асобнае месца займалі транспамежныя праекты.

«Рэжым Лукашэнкі атрымаў каля мільярду долараў сродкаў з Еўразвязу і іншых донараў. І ён цяпер аказаўся ў такім становішчы, калі атрымаў грошы, але ніяк не можа па іх адсправаздачыцца», – патлумачыў Аляксандр Кныровіч.

На старонцы Еўракамісіі зазначана, што расейская ваенная агрэсія і саўдзел у ёй беларускага правіцеля сарвалі рэалізацыю трынаццаці праграмаў трансгранічнай супрацы, заснаваную Еўрапарламентам і Радай Еўропы. Вяртаць жа грошы Беларусь не збіраецца. Крыніца «Зеркало» цвердзіць, што МЗС разаслаў 22 міністэрствам і арганізацыям ліст з просьбаю ігнараваць патрабаванне аб вяртанні грантавых сродкаў.

«Беларусь, як бананавая рэспубліка. Гэтая тэрыторыя кантраляваная злачыннаю групоўкай. Яны могуць рабіць усё што заўгодна. Як і Расея таксама», – канстатуе Яраслаў Кот.

Замест вяртання грошай, Беларусь працягвае наганяць нелегальных мігрантаў на мяжу з Еўразвязам. На чым таксама няблага зарабляе.

Юлія Цяльпук, «Белсат»