Лукашэнка пра стан дарог у Беларусі: Сітуацыя няпростая


Лукашэнка прызнаўся, што беларускія дарогі знаходзяцца ў кепскім стане і загадаў адрамантаваць іх усе цягам года. Аб гэтым перадае БелТА.

Адна з дарог ў Горадні. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: AutoGrodnoBY / Telegram

2 красавіка Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па развіццю Гарадзенскай вобласці, куды прыехаў граць у хакей. Саманазваны прэзідэнт прызнаў, што сітуацыя з рамонтам і ўтрыманнем мясцовых аўтамабільных дарог у Беларусі кепская. Ён загадаў ураду адрамантаваць усе дарогі цягам года, «чаго б гэта ні каштавала».

Лукашэнка расказаў, што мясцовыя ўлады спрабуюць зрабіць выгляд, быццам бы ўсё не блага: «Я нядаўна меў гонар праехаць па асобных дарогах ад аграгарадкоў да раённага цэнтру. Ведалі, што я буду ехаць, дык хоць ямкі закапалі. А наогул сітуацыя не радасная. Гэта непакоіць грамадзян».

Самаабвешчаны прэзідэнт загадаў тэрмінова навесці парадак, бо з дарогамі «па краіне сітуацыя няпростая». Ён паведаміў, што загадаў профільнаму віцэ-прэмʼеру «на працягу гэтага года ўсе дарогі адрамантаваць, чаго б нам гэта ні каштавала». Калі дарогі тэрмінова не адрамантаваць, то далей гэта будзе каштаваць даражэй: «Сёння нафта, нафтапрадукты, той жа бітум для асфальту таннейшы, чым калі-небудзь».

«Белсат» паведамляў 5 красавіка аб рэальных прычынах кепскага стану дарог. Справа ў тым, што Беларусь страціла магчымасць рамантаваць дарогі і будаваць новыя за кошт еўрапейскіх банкаў і міжнародных фінансавых арганізацыяў: пасля падзеяў 2020 года яны спынілі фінансаванне інфраструктурных праектаў у нашай краіне.

Дзейсныя ўлады сцвярджаюць, што справяцца сваймі сіламі і грошай для гэтага дастаткова. Аднак і прадстаўнікі галіны, і грамадзяне скардзяцца на стан дарог ды неэфектыўнасць «ямачнага» рамонту. Эксперты таксама сумняваюцца, што Беларусі ўдасца скампенсаваць страчаныя еўрапейскія інвестыцыі.

Аналітыка
Эксперт Уладзімір Кавалкін: Казкі пра дарогі Лукашэнкі скончыліся з еўрапейскімі грашыма
2023.04.05 21:12

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў