Калі онлайн-казіно стала даражэйшае за дзяцей


Заробкі, дапамога на дзяцей і нават банкаўскія крэдыты. Усе гэтыя грошы бацькі-гульняманы ў Іванаўскім раёне трацілі не на ўласных дзяцей, а на азартныя гульні. У выніку чацвёра дзетак – у сацыяльным прытулку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Асноўныя жыццёвыя патрэбы дзяцей не задавальняліся. Атрыманыя грошы бацькі расходавалі на гульні ў онлайн-праграмах. Акрамя таго, для гэтых жа мэтаў муж і жонка ўзялі пяць крэдытаў у розных банках на суму больш як 30 тысяч беларускіх рублёў», – распавялі ў прэс-службе пракуратуры Іванаўскага раёну.

Але не на ўсе сацыяльна небяспечныя для дзяцей выпадкі службы ды адпаведныя органы рэагуюць гэтак жа аператыўна. Сёлета ў лютым у Воршы маці забіла сваіх чацвярых дзяцей. Выявілася, што за месяц да трагедыі сацыяльная служба прызнала, што сям’я – у небяспечным становішчы, але справа месяц ляжала без выканання.

«Занадта шмат субʼектаў прафілактыкі. Кожнаму з іх трэба выканаць свае патрабаванні. Гэта міліцыя, выканкам, службы апекі, школы і гэтак далей. І ўсюды ёсць выканаўцы, якія павінны ўсё выканаць, ды пакласці паперку аб тым, што ўсе дзеянні былі праведзеныя», – лічыць прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: bestbelarus.by

У выпадку з леташняю трагедыяй у Слуцку, калі бацькі да смерці збілі свайго трохгадовага сына, сацыяльныя службы таксама ведалі пра рэгулярныя катаванні і здзекі з дзіцяці, але ніякіх захадаў не зрабілі. І зусім адваротную сітуацыю можна было назіраць у дачыненні гэтак званых палітычных бацькоў. У 2020-ым 6-цігадовага сына Алены Лазарчык органы апекі забралі ў прытулак. Бо жанчына не здолела своечасова прыйсці па дзіця праз затрыманне з палітычных матываў. Пры гэтым педагогі ведалі нумары бацькі і бабулі.

«Яны ўсе дзейнічаюць па ўказцы. Творчасці ў працы няма, самастойнасці таксама. Як кажуць зверху, так яны і робяць. Бо калі яны праяўляюць любыя элементы творчасці, а нешта пойдзе не так, то ў першую чаргу з іх і спытаюць», – распавёў Уладзімір Жыгар.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», сярод палітзняволеных – 40 шматдзетных бацькоў. Вядома мінімум пра пяць семʼяў, дзе маці і бацька застаюцца за кратамі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»