У прымежжы адбыўся чарговы рэйд узброенай расейскай апазіцыі


Узброеная расейская апазіцыя сцвярджае, што ўзяла пад кантроль вёску Цёткіна Курскай вобласці Расеі. Легіён «Свабода Расеі» заявіў, што яны занялі памежнае з Украінаю сяло, а салдаты федэральных сілаў уцяклі адтуль. Сёння ў Курскай і Белгародскай вобласцях ідуць паўнавартасныя баявыя дзеянні, ездзяць танкі з сімволікаю супернікаў Пуціна, у Белгарадзе пашкоджаны будынак мэрыі. Але ФСБ, Міністэрства абароны і мясцовыя ўлады гавораць, што ўсё пад кантролем.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэта расейскія танкі, з расейскамоўнымі байцамі, на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, але яны вядуць баі супраць Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі. У прымежных з Украінаю рэгіёнах Расеі – рэйд дыверсійна-разведвальных групаў на браняванай тэхніцы пры падтрыманні дронаў. Байцы расейскай узброенай апазіцыі заяўляюць, што гэтак ідуць «на выбары».

Баец Сібірскага батальёну Джоні кажа, што замест галасавання на бюлетэнях, варта галасаваць калібрам. І заклікае далучацца да Сібірскага батальёну.

Атака дыверсантаў у Белгародскай і Курскай вобласцях пачалася ў аўторак раніцай. Узброеныя групы публікуюць у тэлеграм-каналах відэа стралковага бою і паражэння федэральнай бранятэхнікі. Мясцовыя ўлады заяўляюць, што ніякага прарыву не было. Гэта, паводле губернатара Курскай вобласці Рамана Старавойта, была спроба прарвацца ДРГ, стралковы бой. Але ніякага прарыву не было.

А губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў сцвярджае, што Белгародскі раён, шэбекінская акруга, барысаўскі раён, гайваронская акруга падвергліся атакам з боку ЗСУ, атрымалі годны адпор ад усёй Расеі, пагранслужбы, ФСБ, расгвардыі.

Губернатары абедзвюх вобласцяў дзякуюць ФСБ ды іншым сілавікам за закрытую мяжу, але адначасова паведамляюць пра абстрэлы ў глыбіні тэрыторыі дронамі і боепрыпасамі малога радыусу дзеяння. Гэта значыць, нехта з іх задзеяў унутры Расеі, нават паводле афіцыйных звестак.

Вядома, што ў рэйдзе бралі ўдзел тры добраахвотніцкія падраздзяленні ЗСУ: Расейскі добраахвотніцкі корпус, Сібірскі батальён і легіён «Свабода Расеі».

Расейскі добраахвотніцкі корпус матывуе цяперашні рэйд тым, што ў мінулым месяцы крамлёўскі рэжым канчаткова расправіўся з апошняй надзеяй мірнай апазіцыі.

«Прызначаныя чарговыя “выбары”. Байцы РДК ніколі не мелі ілюзіяў і ведалі, што ўлада ў Расеі разумее выключна мову сілы. Менавіта таму мы зноў уваходзім на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі!»

Мэрыя Белгараду пасля атакі дронаў.
Фота: v_v_demidov / Telegram

Сярод заяўленых мэтаў гэтых узброеных групаў – канец вайны і мабілізацыі, вызваленне ад дыктатуры Пуціна і беднасці расейцаў.

Кажа намеснік камандзіра легіёну «Свабода Расеі» Максіміліян Цэзар Андроннікаў:

«Пуцін узурпаваў уладу на 20 гадоў, і што адбылося? Санкцыі, эканамічны застой, кровапралітная вайна, якая забрала жыцці і здароўе больш чым 400 тысяч расейскіх мужчын».

ФСБ заяўляе, што мяжа на замку, сітуацыя пад кантролем, а з 10-га сакавіка федэральныя сілы забілі 100 дыверсантаў, якія спрабавалі зайсці ў гэтыя вобласці. А інфармацыя, што распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках аб заходзе ў некаторыя прымежныя населеныя пункты Белгародскай і Курскай вобласцяў украінскіх узброеных фармаванняў, не адпавядае рэчаіснасці.

Цікава, што ў Кіеве таксама кажуць, што там няма ўкраінскіх узброеных фармаванняў і зброя ў апазіцыі таксама расейская.

Як кажа прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў, за два гады, што вядзецца поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны, вялікая колькасць зброі была трафеена і ператрафеена.

У размове з «Белсатам» Андрэй Юсаў падкрэсліў, што баі каля Белгараду і Курску – вынік таго, што расейцы пазбаўленыя магчымасці ўплываць на палітыку і змяніць уладу мірным шляхам.

«Паколькі гэта грамадзяне РФ, якія ў сябе дома дзейнічаюць, як вольныя людзі, і вядуць актыўную ў тым ліку грамадска-палітычную дзейнасць, то заявы па выніках мы ад іх таксама пачуем. А тое, што крамлёўскі рэжым не кантралюе сітуацыю, гэта прамы вынік поўнамаштабнага ўварвання і агрэсіўнай генацыднай вайны супраць Украіны – гэта таксама факт».

У Белгарадзе працуе паветраная абарона, але праз удар беспілотніка пацярпеў будынак мэрыі. Фотаздымкі разбуранай адміністрацыі апублікаваў белгародскі мэр Валянцін Дзямідаў.

Дамініка Кунцэвіч, Яраслаў Сцешык, «Белсат»