Ці абляціць «Аэрофлот» санкцыі?


Не пастаўляюць дэталяў праз санкцыі – зробім самі. «Росатом» і «Аэрофлот» дамовіліся пра вытворчасць частак для замежных самалётаў, якія эксплуатуюцца ў Расеі. З пункту гледжання нормаў міжнароднага авіяцыйнага права гэта незаконна, кажа адмыслоўца ў гэтай галіне Аляксей Бурчэўскі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сертыфікат лётнай прыгоднасці мае выдавацца краінай, дзе зарэгістраваны самалёт, на падставе пацверджання ад вытворцы, то бок вытворца спраўджвае, як за самалётам глядзяць, якія запчасткі на яго ставяць».

Сертыфікат лётнай прыдатнасці перад уводам у эксплуатацыю атрымоўвае кожны цывільны самалёт. Гэта рэгулююць нормы Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі, якая займаецца пытаннямі бяспекі палётаў.

«Вы не можаце паставіць на самалёт ці верталёт або любое паветранае судна якую-небудзь дэталь, нават гайку, якая не прайшла сертыфікацыі. Таму капіяванне, разборка, зборка і спроба замены нейкай запчасткі адразу парушае сертыфікат лётнай прыгоднасці», – тлумачыць авіяцыйны эксперт Канстанцін Крывалап.

Лётаць на самалётах без дзейнага сертыфікату не толькі незаконна, але і небяспечна – ніводная страхавая кампанія такога рэйсу не застрахуе, аэрапорт можа не дазволіць прызямленне самалёту без сертыфікату, а ў найгоршым выпадку лятак могуць нават арыштаваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: wikiwand.com

Паводле інфармацыі «Reuters», на дзень 1-га траўня расейскія перавознікі маюць 541 неайчынны самалёт. Санкцыі, якія, між іншага, прадугледжваюць забарону на пастаўку ў Расею цывільных самалётаў, а таксама на страхаванне і тэхнічнае абслугоўванне тых, што ўжо ёсць у Расеі, Еўразвяз і Злучаныя Штаты ўвялі пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Пасля гэтага Расея ўнесла папраўкі ва ўласныя законы.

«Яны дазволілі авіякампаніі, далі “Аэрафлоту” статус распрацоўшчыка авіятэхнікі, што дае яму права дапрацоўваць канструкцыю самалётаў у сваім парку і прадаваць запчасткі іншым авіякампаніям», – кажа Аляксей Бурчэўскі.

14 замежных самалётаў станам на ліпень мінулага года мае Беларусь. Гэта самалёты «Embraer» і «Boeing» – ім таксама патрэбнае абслугоўванне і рамонт, немагчымыя праз санкцыі. Ужо цяпер 558-мы авіярамонтны завод у Бабруйску вырабляе кампаненты для самалётаў расейскай вытворчасці. Ці зможа ён імпартазамясціць дэталі для «Боінгаў» – свайго і расейскага авіяпарку?

«Тое, што электроніку рабіць не змогуць, – гэта не выклікае сумневаў. А тое, што нейкія механічныя часткі, жалязякі змогуць замяніць – ну, змогуць, але што гэта дасць? Бо механіка адмаўляе значна радзей, чым электроніка і ўсё астатняе», – тлумачыць Канстанцін Крывалап.

Са спасылкаю на свае крыніцы агенцтва «Reuters» заяўляла, што расейскія авіякампаніі ўжо разбіраюць некаторыя з самалётаў замежнай вытворчасці, каб рамантаваць іншыя.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»