«Лукалёт» – узляціць ці не?


Не толькі ядравую, але і авіяцыйную дзяржаву плануюць стварыць у Беларусі. Што праўда – лёгкаматорную. Урад Рамана Галоўчанкі пачаў выконваць загад Лукашэнкі стварыць уласны пасажырскі самалёт. Пакуль гаворка хутчэй пра мясцовую зборку расейскай мадэлі з расейскіх кампанентаў. І міністры самі блытаюцца, якая мадэль у іх атрымаецца ў выніку.

Хопіць рамантаваць, час узлятаць – на сваіх самалётах. Такую амбітную заяву зрабіў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання намеснік старшыні Савету Міністраў Пётр Пархомчык, распавядаючы пра планы беларуска-расейскага авіябудаўніцтва ў супрацы з Уральскім заводам цывільнай авіяцыі.

«Мы плануем вырабляць у сябе лёгкі 12-мясцовы самалёт ЛМС-401, атрымаць для гэтага ўсе кампетэнцыі, мы зараз працуем на этапе распрацоўвання даследна-канструктарскіх работаў», – паведаміў намеснік старшыні Савету Міністраў.

Увага: Пётр Пархомчык кажа пра лёгкі 12-мясцовы самалёт ЛМС-401. Але такога самалёта пакуль няма.

«Дагэтуль гэтага самалёта не існуе, нават як праектнага варыянта… Паводле расейскіх нормаў, і я не ўпэўнены, што беларускія нормы адрозніваюцца, стварэнне аднаматорнага самалёта з нагрузкай больш за 9 чалавек – пасажырскі варыянт – проста немагчымае. Паводле сённяшніх нормаў», – тлумачыць эксперт у галіне цывільнай авіяцыі Раман Захараў.

Магчыма, Пархомчык пераблытаў мадэлі, і казаў пра зборку ў Беларусі расейскага лёгкаматорнага самалёта «Байкал» ЛМС-901, а не 401, якраз на 9 пасажыраў. Але і яго яшчэ не робяць серыйна ў самой Расеі, а Пархомчык абяцае канвеер у Менску і Баранавічах.

«Спатрэбіцца ўдзел 407-га заводу [у Менску] і 557-га заводу ў Баранавічах. Спатрэбіцца пабудова дадатковых вытворчых магутнасцяў, у частцы механічнай апрацоўкі і ў частцы пабудовы корпусу для зборкі гэтых самалётаў. Часу ў нас абсалютна няма, гэта трэба рабіць хутка, аператыўна», – распавёў Пётр Пархомчык.

Чаму ім так гарыць? Бо Лукашэнка на Менскім заводзе цывільнай авіяцыі загадаў паспець, пакуль ён жывы, і кіруе.

«У мяне такая ліхая думка, калі я паспею пачаць пры сваім жыцці – прэзідэнцкім – калі ў нас атрымаецца разгарнуцца і вытвараць свой лятальны апарат, я буду шчаслівы», – заявіў Лукашэнка 11 жніўня, наведваючы Менскі завод цывільнай авіяцыі.

Тэхнічна гэта магчыма, калі знайсці рухавікі. У самой Расеі лёгкія самалётныя маторы не робяць, і раней куплялі на Захадзе «пад ключ».

«Што датычыцца планера, іншых дэталяў і нават часткова авіёнікі – канешне, Беларусь здольная гэта рабіць, нават у цяперашнім яе стане. Нельга сказаць, што беларуская авіяцыйная прамысловасць у вельмі кепскім стане – бо яна шмат гадоў займалася рамонтам», – мяркуе Раман Захараў.

Паводле Пархомчыка, адпаведнае пагадненне раней падпісаў прэм’ер Раман Галоўчанка ў Екацерынбурзе.

«Гэта міжурадавае пагадненне між Расеяй і Беларуссю. Атрымліваецца, што пад гэта вылучаны пэўны крэдыт расейскі, ёсць грошы. Расейскі бюджэт гатовы несці гэтыя выдаткі», – падкрэслівае Ігар Кулей, авіяаматар, кіраўнік рэдакцыі навінаў «Белсату» і аўтар расследаванняў на авіяцыйную тэму.

Добра, калі толькі расейскі бюджэт.

«Будзе некалькі дзясяткаў працоўных месцаў, але ў гэта будуць закінутыя сотні мільёнаў долараў бюджэтных сродкаў, народных сродкаў. І наш самалёт будзе даражэйшы і горшы па якасці, чым самалёты на сусветным рынку», – мяркуе бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч.

У праграме «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч нагадаў пра іншы амбітны праект – расейскі «Сухой Суперджет», які прынёс толькі шматмільярдныя выдаткі. І гэта да поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

«Я так сабе ўяўляю, як яны збіраюцца, сядаюць у гэтую эксперыментальную мадэль – Галоўны за штурвалам – і ляцяць кудысьці за далягляд, назаўжды. Людзі б можа і скінуліся», – пажартаваў Аляксандр Кныровіч наконт праекту «Лукалёт».

Сёння, ва ўмовах антываенных санкцыяў Захаду, трэба будзе шукаць альтэрнатыву не толькі рухавікам, а ўвогуле ўсім авіяцыйным кампанентам. А пакуль самалёт Лукашэнкі лятае толькі на паперы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»