Небяспечная кулінарыя: санітарна-эпідэмічная служба ў красавіку спраўдзіла дзейнасць 598 арганізацыяў


«Пах непрыемны, сасіска ўнутры дзіўная», – так каментуе аўтар відэа, выкладзенае ў сацсетках. Знятая сасіска – з крамы «Еўраопт» у Жодзіне. Але ў сацыяльных сетках можна знайсці падобныя здымкі з розных мясцінаў Беларусі. Сярод пакупнікоў, паводле нашага апытання ў сацсетках, толькі адзін з сямі задаволены якасцю кулінарных вырабаў, траціну ежа з кулінарыі не задавальняе, яшчэ траціна лічыць яе падазронай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Санітарна-эпідэмічная служба ў красавіку спраўдзіла дзейнасць 598 арганізацыяў, якія прадаюць кулінарыю ўласнай вытворчасці. Аказалася, без парушэнняў працуюць менш за два адсоткі з іх. Да прыкладу, на Меншчыне, дзе праверылі 78 аб’ектаў, парушэнні знайшлі ў кожным.

«Такая колькасць парушэнняў можа быць звязаная з: а)пэўнаю бесгаспадарлівасцю на месцах, калі ў людзей ёсць патрабаванні, але яны іх не выконваюць, бо гэтыя патрабаванні сапраўды існуюць; і б) з недастатковым кантролем», – тлумачыць харчовы тэхнолаг з Расеі Вольга Коснікава.

На недастатковы кантроль наракаць не даводзіцца: паводле толькі красавіцкага правярання, утылізаваць давялося больш за тры тоны небяспечнай прадукцыі. Для параўнання: за ўвесь мінулы год санстанцыя забараніла продаж толькі чатырох тонаў прадукцыі ўласнай вытворчасці. Сярод парушэнняў – адсутнасць маркеравання, неналежныя ўмовы захавання, пратэрмінаванасць, рэалізацыя прадукцыі без дакументаў.

Такія парушэнні ў галіне продажу кулінарных вырабаў не маюць небяспекі для здароўя чалавека, адзначае доктарка Мая Церакулава. Кожны сёмы выпадак звязаны з неадпаведнымі мікрабіялагічнымі паказнікамі, але каб кішачная палачка была сапраўды небяспечнай, яе павінна быць вельмі шмат.

«Калі знішчаць ежу проста праз абсямененасць невялікую ўмоўна патагеннымі мікраарганізмамі кшталту кішачнай палачкі, то мы ў сябе ўдома павінныя знішчыць усю ежу. Бо яе [палачку] можна знайсці паўсюль, яна атачае нас», – кажа педыятр Мая Церакулава.

Больш небяспечныя батулізм і сальманелёз, але верагоднасць іх зʼяўлення пры выкарыстанні сыравіны не з фермерскіх гаспадарак вельмі нізкая, адзначае доктарка. Агульнае правіла бяспекі – не набываць таго, што выглядае дзіўна ці пахне незвычайна.

Калі ж спажывец мяркуе, што ягоныя правы парушаныя, ёсць тры шляхі іх абараніць.

«У першую чаргу, да каго спажывец мае звяртацца, – гэта мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы паводле месца парушэння правоў спажыўца», – патлумачыла падчас прэс-канферэнцыі начальніца ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламаю МАРГ Іна Гаўрыльчык.

Калі адказ мясцовага выканкаму не задавальняе, можна рушыць вышэй – у аблвыканкам і аж да міністэрства. Другі шлях – звярнуцца да грамадскага абʼяднання спажыўцоў, у Беларусі такіх больш за два дзясяткі. Яшчэ адзін варыянт – суд, і менавіта гэты шлях праваабаронца Павел Левінаў лічыць найбольш эфектыўным:

«Асабліва калі гэтая кулінарыя не прыватная, а належыць дзяржаве. Ніякі выканкам ці адміністрацыя не пакараюць самі сябе, а ў судзе болей шанцаў выйграць справу».

Як жа зменшыць колькасць парушэнняў у галіне кулінарыі? Вольга Коснікава сцвярджае, што неабходны большы кантроль. Але, да прыкладу, уладальнік бару-бістро «U kresowiaka» ў Польшчы Іван Курбатаў за больш як шэсць гадоў вядзення бізнесу ў Варшаве правяранняў не меў увогуле, а ўстановы гастраноміі, паводле яго, самі імкнуцца да высокай якасці.

«Сэнс у тым, што ты зацікаўлены, каб тут было і чыста, і добра, і смачна. Таму сам стараешся, каб было якасна, сам стараешся, каб прадукты былі лепшай якасці, сам стараешся, каб было акуратна і каб усе былі задаволеныя», – кажа Іван Курбатаў.

Бо кліент мае багаты выбар, падкрэслівае ўладальнік бару. І калі ўстанова яму не спадабаецца, ён проста іншым разам не прыйдзе.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»