Хусіты дапамогуць Лукашэнку зарабіць?


Групоўка хусітаў працягвае атакаваць грузавыя караблі ў Чырвоным моры, чым ставіць пад пагрозу сусветны гандаль. На гэтым фоне расце попыт на чыгуначныя перавозкі з Кітаю ў Еўразвяз праз Расею і Беларусь. Што адбываецца на сусветным транспартным рынку, ці зможа рэжым Лукашэнкі зарабіць дадатковыя грошы на транзіце?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гандлёвыя караблі ў Баб-эль-Мандэбскай пратоцы еменскія паўстанцы-хусіты абстрэльваюць ад лістапада мінулага года. І спыняцца, падобна, не плануюць. Перавознікі мусяць або рызыкаваць танкерамі і кантэйнеравозамі, або шукаць альтэрнатыўных шляхоў. Як варыянт – не праз Суэцкі канал, а абплываць Афрыку. Але гэта даўжэй і даражэй: шлях ад Кітаю да, напрыклад, Нідэрландаў замест 18 тысячаў кіламетраў складзе 25 з паловаю.

На фоне атак хусітаў павялічыўся попыт на транспартаванне чыгункаю з Азіі ў Еўропу праз Расею – піша «Financial Times». Рост складае, паводле розных ацэнак, 25-35 %. Найкарацейшы маршрут праходзіць праз Беларусь.

Да крызісу ў Чырвоным моры буйныя еўрапейскія лагістычныя кампаніі стараліся ўнікаць маршрутаў праз нашую краіну і Расею. Як вынік – у Беларусі істотна скараціўся грузаабарот усіх відаў транспарту. Ці азначае цяперашняя сітуацыя, што рэжым Лукашэнкі зможа больш зарабляць на транзіце ў Еўразвяз?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: БЧ / rw.by

«Чыгуначныя шляхі не могуць цалкам замяніць марскога транспартавання. Пытанне не толькі ў цане, але і ў тым, ці зможа беларуская інфраструктура вытрымаць такі наплыў кантэйнераў», – кажа аналітык Рады замежнай палітыкі «Українська призма» Паўло Радзь.

Паводле эксперта, на чыгунку прыпадае толькі каля 6 % кітайскага таваразвароту. Асноўная ж частка экспарту адтуль ідзе марскім шляхам. Міжнародная супольнасць, імаверна, знойдзе спосаб зрабіць яго бяспечным, кажа намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан.

«Безумоўна, кантэкст агульнасусветны рэжым Лукашэнкі будзе спрабаваць выкарыстоўваць. Але я б не біў трывогі. Гэта досыць хутка можа скончыцца, і Лукашэнка нават не паспее скарыстацца з гэтых магчымасцяў і неяк ціснуць або гандляваць з Захадам такой сітуацыяй», – мяркуе Арцём Брухан.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне самыя кітайскія кампаніі пачалі скарачаць транзіт праз Расею і Беларусь. Затое растуць аб’ёмы транспартавання паміж нашай краінай і Кітаем. Паводле Беларускай чыгункі, летась туды адправілі на 50 % болей кантэйнерных цягнікоў з айчыннымі таварамі, чым у 2022 годзе.

Валянцін Васіленка, «Белсат»