Порнаакторка служыць у беларускім КДБ?


Стала вядома асоба беларускі, якую арыштавалі ў Польшчы за шпіянаж на карысць КДБ. Удзельніца кампаніі «Гавары праўду» у 2018−2019 гадах. Падчас прэзідэнцкіх выбараў – каардынатарка збору подпісаў у Баранавічах. Пасля выбараў яна спрабавала атрымаць шэнгенскую візу, але выехала ў Польшчу толькі летась. Там Дар‘я Астапенка намагалася стаць валанцёркай у розных беларускіх арганізацыях, цікавілася дзейнасцю харугваў Паспалітага рушэння і добраахвотнікамі ва Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Шмат каго працуе ў гэтай сферы і ажыццяўляе нелегальную шпіёнскую дзейнасць сярод дыяспараў. Як ад імя КДБ, так і іншых спецслужбаў», – распавядае праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Выданне «Reform.by» дзякуючы татуіроўкам апазнала Дар’ю на фота ў самых розных сітуацыях: яна прапаноўвала паслугі эскорту, здымалася ў відэа парнаграфічнага характару і мела профіль на платформе «OnlyFans».

«Удзел у порнаіндустрыі ў Беларусі – гэта самы верагодны варыянт для патэнцыйнай вярбоўкі спецслужбамі. Ці то КДБ, ці так званае МУС. Дзейнасць, звязаная з порнаіндустрыяй на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца незаконнай і можа зʼяўляцца крыніцай не толькі грошай, але і рэальных праблем з законам», – кажа прадстаўнік абʼяднання «BelPol» Уладзімір Жыгар.

Шырока вядомы прыклад вярбоўкі працаўнікоў інтымнай сферы – прадстаўніца старажытнай прафесіі Алена «Ламбада» Кузьміна, якая была галоўнай удзельніцай правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага напярэдадні выбараў 2020 года. Чаму гэтыя людзі пагаджаюцца на супрацу?

«Як правіла – гэта шантаж. Шантажуюць тым, што такая дзейнасць будзе апублікаваная і чалавек не жадае, каб аб такой дзейнасці ведалі іншыя. Бо гэта магло быць даўно», – дадаў Уладзімір Жыгар.

Дар'я Астапенка
Дар’я Астапенка на зʼездзе «Гавары праўду» у Менску 19 верасня 2020 года.
Фота: «Гавары праўду» / zerkalo.io

Што да дзейнасці Астапенкі – яна, паводле звестак выдання «Зеркало», перасылала «куратарам» звесткі, фота і іншую інфармацыю, здабытую ў Польшчы. Сваю сувязь са спецслужбамі Дарʼя выдала сама: пад уздзеяннем алкаголю распавяла пра дзейнасць сваім сябрам, а ўжо тыя перадалі інфармацыю польскім спецслужбам.

«Перад тым, як людзей вярбуюць, робіцца псіхалагічны партрэт, наколькі чалавек здольны паддацца вось гэтаму ціску, шантажу ці якім-небудзь іншым рэчам. Хтосьці пагаджаецца супрацоўнічаюць добраахвотна», – дадаў Раман Кісляк.

Цяпер Астапенцы пагражае не менш за пяць гадоў пазбаўлення волі. Раней таксама за шпіянаж, але на карысць Расеі, у снежні 2023 года ў Польшчы асудзілі траіх грамадзянаў Беларусі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»