Алкаголю ў эфіры БТ будзе болей


Змены ў законе аб рэкламе. Істотна абмяжуюць рэкламу навучання і працаўладкавання за мяжою. Яе нельга будзе трансляваць на тэлебачанні або радыё ці паказваць у метро. Дазвол пакінуць толькі на размяшчэнне ў інтэрнэце.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта адзін са спосабаў, каб адсячы інфармацыю пра гэтыя навучальныя ўстановы ці праграмы для беларусаў, – мяркуе віцэ-прэзідэнтка даследчай арганізацыі «Globsec» Алена Кудзько. – Магчыма, будзе ціск на рэкламадаўцаў ці агенцтвы, якія займаюцца арганізацыяй працы за мяжой, каб яны прадстаўлялі спісы людзей, якія цікавіліся інфармацыяй або падаваліся на праграмы працы ці абмену».

Пры гэтым публікаваць рэкламу замежнага навучання або працаўладкавання змогуць толькі кампаніі або ІП, што маюць права аказваюць гэткія паслугі. Да таго ж, рэкламу мусяць зацвердзіць МУС і Міністэрства адукацыі. Медыяэкспертка Ірына Сідорская звязвае ўсе гэтыя абмежаванні з ад’ездам людзей з Беларусі пасля 2020 года:

«Дзяржава, на маю думку, хоча спыніць тых, хто яшчэ не прыняў гэтага вызначанага рашэння. Чалавек можа мець нейкія аргументы за, нейкія – супраць. Але, зразумела, гэта такі рашучы крок. Тут шмат чаго трэба прадумаць, перш чым рабіць».

Дакладных звестак, колькі менавіта людзей з’ехалі з Беларусі, няма. Але цягам апошніх гадоў колькасць занятых у эканоміцы краіны стабільна скарачаецца.

Летась у лістападзе такіх было 4 140 500 асобаў. Гэта на 52 тысячы менш, чым у 2022 годзе. Амаль на 115 тысяч менш, чым у 2021-м, і амаль на 167 тысяч менш, чым у 2020-м.

Расце і колькасць нашых суайчыннікаў за мяжою. Летась у снежні Святлана Ціханоўская ацаніла колькасць беларусаў, якія пераехалі ў Літву пасля жніўня 2020 года, у 70 тысяч асобаў. А Цэнтр беларускай салідарнасці на канец мінулага года налічыў у Польшчы 119 тысяч грамадзянаў Беларусі з відам на жыхарства. Пасля жніўня 2020-га гэты лік павялічыўся больш чым у чатыры разы.

«Гэта самая вялікая эміграцыя беларусаў за ўвесь час. Улада разумее, што гэта пагроза для эканомікі Беларусі, для той жа пенсійнай сістэмы. Яна,можа быць, не хоча гэта прызнаваць, не хоча гаварыць аб гэтым уголас», – разважае Ірына Сідорская.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Віно, алкаголь.
Фота: pxhere.com, CC0

Яшчэ адное новаўвядзенне ў законе звязанае з адменай забароны рэкламаваць на тэлебачанні моцны алкаголь, напрыклад, гарэлку. Цяпер яна дазволеная ад дзясятай гадзіны вечара да сёмай раніцы. Да таго ж, на адную гадзіну павялічылі прамежак часу, калі можна рэкламаваць слабаалкагольныя напоі, азартныя гульні ды гульнявыя ўстановы.

«Рэклама алкаголю, азартных гульняў – гэта адзін з найбольш папулярных спосабаў зарабіць. На гэтым зарабляюць і іншыя краіны. Але зараз беларуская дзяржава лічыць, што алкаголь для беларусаў менш небяспечны чым тыя ж праграмы навучання і праца за мяжой», – кажа Алена Кудзько.

Змены ў закон аб рэкламе набудуць моц праз паўгода – то бок, на пачатку ліпеня.

Ян Федаровіч, «Белсат»