Што вядома пра стасункі Кубы і Беларусі?


З Вострава свабоды – у «хрустальны сасуд» стабільнасці. У Менску з візітам прэм’ер-міністр Кубы. Аляксандр Лукашэнка скардзіцца на марныя эканамічныя вынікі супрацы. І мае рацыю. Толькі пытанне, што могуць прапанаваць адзін аднаму такія партнёры. Нібыта маюць нарасціць таваразварот. А эксперты кажуць, што за размовамі пра мяса-малочныя харчы могуць хавацца перамовы пра «гарматнае мяса» – кубінскіх баевікоў, скіраваных ваяваць за Расею супраць Украіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не такі экзатычны, як браты Рауль і Фідэль Кастра, і не такі высокапастаўлены. Менск афіцыйна наведаў Мануэль Марэра Крус – кубінскі прэм’ер. Раман Галоўчанка прыняў яго з парадам.

«Менавіта Куба стала для Беларусі брамай у гэты рэгіён», – хваліў госця Раман Галоўчанка, старшыня Савету Міністраў Аляксандра Лукашэнкі.

Афіцыйна перамовы прайшлі пра павелічэнне эканамічнай супрацы, каб яна адпавядала палітычнай. Ад пачатку года ўсяго $ 10 млн таваразвароту – скардзіўся кубінцу Лукашэнка.

«На дыпламатычным, палітычным узроўні і, можна сказаць, ідэалагічным узроўні ў нас няма разыходжанняў», – пераконваў Мануэля Марэру Круса Лукашэнка.

Як адзначае старшыня польскага Фонду Казімежа Пуласкага Збігнеў Пісарскі, Куба з Беларуссю цяпер вельмі падобныя, як аўтарытарныя краіны. Гавана можа прапанаваць нам медычныя паслугі і медыкаменты. Менск – завесці праз паўсвету мясную і малочную прадукцыю. Але таваразварот малы, бо гэта супраца дыктатураў, а не рынкаў.

«Дэмакратычным дзяржавам заўжды трывожна, калі аўтарытарныя краіны абменьваюцца між сабою практыкамі і спрабуюць супольна абыходзіць розныя санкцыі і абмежаванні. Мяркую, тут якраз і ёсць такое братэрскае сяброўства двух рэжымаў. А Куба актыўна шукае саюзнікаў, бо мае вельмі цяжкую эканамічную сітуацыю», – тлумачыць Збігнеў Пісарскі, старшыня Фонду Казімежа Пуласкага.

Афіцыйна сёлета Беларусь прадавала Кубе тэлекамунікацыйныя, кампʼютарныя і інфармацыйныя паслугі. Юрый Дракахруст не выключае, што ў гэта ўваходзіць і продаж тавараў і паслугаў падвойнага прызначэння, для лепшага кантролю грамадзянаў і мадэрнізацыі войска.

«У Беларусі ёсць тэхналогіі і школа рознай электронікі, у тым ліку ваеннай.Так што чаму не скарыстацца. Можна і кітайскай, і расейскай. Але крыху і беларускай», – мяркуе палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

Эксперт звяртае ўвагу, што перад візітам у Беларусь Мануэль Марэра Крус наведваў Кітай і сустракаўся непасрэдна з кітайскім генсекам. Каб атрымаць дапамогу матэрыяльна, Гавана дасылае ў турнэ і міністра абароны, ды выказвае падтрымку Расеі ў вайне супраць Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцяг Кубы.
Фота: Oswaldo Rivas / Reuters / Forum

«Куба заўсёды была і застаецца ключавым саюзнікам Расеі ў рэгіёне. Нашы кубінскія сябры пацвердзілі сваё стаўленне да нашай краіны, прадэманстраваўшы поўнае разуменне мэтаў Спецыяльнай вайсковай аперацыі ва Украіне», – прамаўляў да кубінскага калегі міністр абароны РФ Сяргей Шайгу, прымаючы яго ў Маскве 27 ліпеня.

Збігнеў Пісарскі звяртае ўвагу, што кубінскі міністр Альвара Лопэс Мʼера і прыязджаў у Менск, і прымаў у гасцях свайго калегу Віктара Хрэніна.

«Можна дапусціць, што рэжым Лукашэнкі гатовы падтрымаць, напрыклад, навучанне кубінцаў, якія едуць на вайну ва Украіне. Кубінскі ўрад афіцыйна адмяжоўваецца ад саўдзелу ў высыланні сваіх жаўнераў. Але наўрад ці гэта адбываецца без іх ведама», – падкрэслівае старшыня Фонду Казімежа Пуласкага Збігнеў Пісарскі.

Сапраўды, кубінскі ўрад прызнаў, што ягоныя грамадзяне едуць ваяваць супраць Украіны, але яны нібыта супраць. Былі і публікацыі пра трэніроўкі кубінскіх баевікоў у Беларусі, але яны патрабуюць праверкі. Што дакладна ясна – Лукашэнка не супраць адрадзіць практыкі Халоднай Вайны, калі кубінцы ваявалі і ў Афрыцы, і ў Лацінскай Амерыцы.

«Пунктамі апоры заўжды будуць служыць Куба, Венесуэла, Нікарагуа ў першую чаргу», – так Лукашэнка абяцаў Крусу дапамагчы Кубе.

Абодва эксперты звяртаюць увагу, што Пуцін і Лукашэнка актывізавалі вайскова-прамысловую супрацу з аўтарытарнымі краінамі.

«Днямі прыляцела іранская вайсковая дэлегацыя ў Беларусь. Там можа быць праект сумесны – пра гэта пішуць і гавораць – збіраць “Шахеды” ў Беларусі. Яны патрэбныя ў Расеі для вайны», – мяркуе палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

Але рэй тут вядзе не Лукашэнка, а Пуцін пры падтрымцы сяброў у Пекіне.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»