Пытанні не вырашаюць дзесяцігоддзямі. Лукашэнка раскрытыкаваў эканамічныя стасункі з Кубай


Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада на сустрэчы ў Менску з прэм’ер-міністрам Кубы Мануэлем Марэра Крусам выказаў сваю незадаволенасць узроўнем двухбаковых эканамічных стасункаў.

Аляксандр Лукашэнка. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Szijjártó Péter / Facebook

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на дыпламатычным і ідэалагічным узроўнях улады Беларусі і Кубы прытрымваюцца адзіных падыходаў і не маюць разыходжанняў у поглядах. Але эканамічны базіс за гэтым не паспявае.

«Нам трэба сурʼёзна эканамічныя і гандлёвыя пытанні падцягваць да пытанняў палітычных. Выснова з майго боку адна: гандлёва-эканамічныя адносіны значна адстаюць ад палітычных і гуманітарных», – сказаў ён.

Як прызнаў палітык, гандлёвы абарот дзвюх краін крыху перавальвае за 10 мільёнаў долараў.

Паводле Лукашэнкі, ён не можа развязаць некаторыя пытанні з Кубай «дзесяцігоддзямі». Лукашэнка адзначыў неабходнасць «правесці рэвізію нашых адносін і вычленіць тыя напрамкі, па якіх мы будзем супрацоўнічаць, і вырашаць тыя праблемы, якія сёння трэба вырашыць, але яны не вырашаныя».

Лукашэнка таксама назваў і дыктатарскія рэжымы ў Венесуэле, Кубе і Нікарагуа пунктамі сваёй апоры ў Лацінскай Амерыцы.

Аналітыка
Упруцца ў плот ці зоймуць нішу? Беларусь хоча рабіць у сябе кубінскія і кітайскія лекі. Зноў
2022.08.18 08:00

У 2022 годзе ўлады Беларусі заяўлялі пра планы нарасціць у краіне вытворчасць кубінскіх лекаў. Беларусь і Куба супрацоўнічаюць у фармацэўтычнай сферы ўжо не першы год. Яшчэ ў ліпені 2013 года ўжо былы беларускі амбасадар у Гаване Уладзімір Астапенка, які цяпер ёсць намеснікам кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, анансаваў вытворчасць у Беларусі лекаў супраць раку паводле кубінскіх тэхналогіяў.

У каментары «Белсату» Астапенка адзначыў, што ў кубінцаў тады былі «цікавыя напрацоўкі, якія яны спрабавалі ўкараніць у нашае жыццё». Але беларуская медычная прамысловасць «вельмі насцярожана гэта ўсё ўспрыняла і вялікага энтузіязму не адчула», наадварот, лабіявала пераход ад кубінскіх лекаў да еўрапейскіх. Пры гэтым кубінскі бок хацеў пастаўляць у Беларусь лекі, а ўзамен атрымліваць з Беларусі сельскагаспадарчую тэхніку. Вялося прынамсі пра дзясяткі мільёнаў долараў.

«Гаворка вялася патэнцыйна пра бартар, калі мы маглі б нарошчваць свой экспарт тэхнікі на Кубу, а ў адказ атрымлівалі б патрэбныя нам лекі. Але да пытання патрэбных нам лекаў мы так і не дайшлі, адпаведна, і тэхніку ў масавай колькасці пастаўляць на Кубу паводле гэтай схемы не пачалі», – распавёў Уладзімір Астапенка.

Цяпер, на ягоную думку, гэтую схему спрабуюць вярнуць. Толькі ўжо, магчыма, кубінцы прапануюць свае паслугі ў прасоўванні беларускіх лекаў на рынак Лацінскай Амерыкі. Але ў перспектыву гэтага сцэнара дыпламат не верыць.

Hавiны
МЗС Кубы рашуча асудзіла расейцаў, якія вярбуюць кубінцаў для вайны з Украінай
2023.09.05 13:51

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў