На Беларусі распачалі «духоўнае адраджэнне» расейшчыны


Лукашэнка раздаў дзеячам культуры і мастацтва прэміі «За духоўнае адраджэнне». Узнагароду атрымалі прапагандысты, медыкі, вайскоўцы, народны духавы аркестр – усяго 18 асобаў ды калектываў. Падчас урачыстай імпрэзы гучалі пафасныя прамовы пра культурныя адметнасці беларусаў і цесную сувязь духоўнасці ды патрыятызму, гістарычную памяць і мір як найважнейшую каштоўнасць. Лукашэнка казаў таксама пра культурны суверэнітэт Беларусі, які «натуральна, пачынаецца з беражлівага стаўлення да чысціні роднай мовы : расейскай, беларускай…»

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адметна, што ўсе 26 папярэдніх цырымоніяў уручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне» былі тымі самымі рэдкімі выпадкамі, калі Лукашэнка выступаў па-беларуску. Але сёлета абраў расейскую мову. Не было гэтым разам сярод лаўрэатаў каталіцкіх дзеячаў. Як не знайшлося месца ў шэрагу ўшанаваных ніводнаму беларускамоўнаму літаратару. Затое высока адзначылі творчасць Анны Сялук, якая піша тэксты для эстрадных песень. І з’яўляецца нявесткаю Лукашэнкі.

«Нашую краіну каланізуюць, нас хочуць пазбавіць нашай нацыянальнай культуры, нашай ідэнтычнасці, нашай мовы, – канстатавала прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык. – Гэта вельмі істотныя працэсы, якія могуць прывесці нават да знішчэння нацыі. А калі не будзе нацыі – не будзе і беларускай дзяржавы».

Беларуская мова імкліва знікае з шыльдаў і з медыяў. Беларускі тэатр, кіно, музыка масава падмяняюцца расейскай поп-культураю.

Ганна Сялук
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ганна Сялук падчас гала-канцэрту «Песня года Беларусі». Менск, 8 сакавіка 2023 года. Фота з сайта ОНТ

«Ніхто нікога душыць за творчасць не будзе. Такога ніколі не было ў нашай найноўшай гісторыі і ніколі не будзе», – запэўніў Лукашэнка.

Але Беларускі ПЭН мае багата звестак, якія зняпраўджваюць гэтыя словы. На пачатак году за кратамі застаюцца сама меней 32 дзеяча слова і не менш за 152 дзеяча культуры.

На два гады так званай «хатняй хіміі» асудзілі Кацярыну Цэван – за тое, што спявала гімн «Магутны божа». На 15 содняў арыштавалі дырэктарку браслаўскага Музею традыцыйнай культуры Элеанору Зінкевіч, а таксама майстрыху музейнага комплексу і ейнага мужа. У Горадні зачынілася беларускамоўная культурніцкая прастора для дзяцей і дарослых «Шустры вожык». З гэтага года спыніў дзейнасць літаратурны часопіс «Дзеяслоў», які выходзіў з 2002-га. Рэжым пагражае адабраць менскую кватэру лаўрэаткі Нобэля Святланы Алексіевіч, дзе засталіся рукапісы і дзённікі. Творы сучасных беларускіх аўтараў забараняюць і прыбіраюць са школьных праграмаў. І нават двухтомнік абраных твораў класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча далучаны да спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Але нягледзячы на ціск, беларуская культура працягвае сваё існаванне.

«Каля 200 арганізацый у сферы культуры так ці інакш існуюць у розных формах, розных фарматах у беларускім культурным полі. Гэта адзін толькі прыклад жыцця беларускай культуры, – падкрэсліў кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін. – Другі прыклад – тое, што падрастае пакаленне беларускіх творцаў, якія пасля 2020 года ўжо ўваходзяць у гэтую сферу».

Сітуацыю з нацыянальным культурным адраджэннем Сяргей Будкін разглядае даволі аптымістычна. А Абʼяднаны пераходны кабінет абвесціў 2024-ты «Годам нацыянальных традыцыяў».

Марына Яновіч, «Белсат»