Лукашэнка рыхтуецца да парламенцкіх выбараў


Адміністрацыя Лукашэнкі рыхтуецца кантраляваць правядзенне парламенцкіх выбараў. Лукашэнка загадаў Наталлі Качанавай, якую прызначыў старшынёй Савету Рэспублікі, прывесці яму ўжо заўтра прадстаўнікоў палітычных партыяў. Але толькі тых, хто прайшоў перарэгістрацыю. Наколькі магчыма правесці сапраўдныя выбары ў атмасферы тэрору?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю аб увядзенні дадатковых коштавых абмежаванняў на імпарт у Еўразвяз беларускіх угнаенняў, аб неабходнасці выраўняць антываенныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі з антываеннымі санкцыямі супраць Расеі. Еўрапарламент даручыў старшыні Урзулі фон дэр Ляен выслаць гэтую рэзалюцыю ўсім адпаведным органам і арганізацыям, а таксама рэжымам Пуціна і Лукашэнкі. Але напярэдадні быў апублікаваны яшчэ адзін важны дакумент – Заява Еўразвязу да Міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю 12 лістапада, якая падкрэслівае падтрымку беларускай незалежнасці і салідарнасць з жаданнем беларусаў жыць свабодна і дэмакратычна.

Заява Еўразвязу да Міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю 12 лістапада:

«Мы заклікаем да свабодных і празрыстых выбараў у Беларусі без умяшання, запужвання і страху пераследу – адпаведна міжнародным стандартам. Наш зварот асабліва актуальны ў кантэксце падрыхтоўкі да парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў лютым 2024 года і ў 2025 годзе. Мы заклікаем Беларусь паважаць свабоду аб’яднанняў, у тым ліку палітычных партыяў. Усе патэнцыйныя кандыдаты мусяць мець магчымасць спаборнічаць».

Гэта не азначае, што Еўразвяз прызнае выбары, якія Лукашэнка рыхтуе ўжо на люты. Далей у дакуменце Еўразвяз патрабуе тэрмінова і без умоваў вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку ўдзельнікаў выбараў 2020-га года.

Хаця Лукашэнка лічыць Адзіны дзень галасавання найважнейшай палітычнай кампаніяй налета.

«Мы будзем усяляк удзельнічаць у гэтых выбарах. Я маю на ўвазе вертыкаль улады… Потым жа фармаванне Ўсебеларускага народнага сходу, абранне дэлегатаў на гэты сход», – заявіў Лукашэнка ў прысутнасці старшыні Савету рэспублікі.

Лукашэнка ў сваім палацы загадаў Наталлі Качанавай дапамагаць выбіраць дэлегатаў на так званы Ўсебеларускі народны сход – разам з ягонай адміністрацыяй і ніжняй палатай прадстаўнікоў. Пры гэтым заўтрашняя сустрэча з кіраўнікамі зарэгістраваных партыяў пройдзе ў стэрыльнай атмасферы. Пачынаючы з лета, у Беларусі юрыдычна ліквідавалі 11 палітычных рухаў і партыяў, ад правакансерватыўнай КХП-БНФ да камуністычнай «Справядлівы свет». Усе зарэгістраваныя партыі цалкам лаяльныя Лукашэнку.

«На канферэнцыі дэмакратычных сілаў на пачатку жніўня ў Варшаве была прынятая адмысловая рэзалюцыя, дзе была ўсімі падтрыманая пазіцыя, што назваць выбарамі тое, што адбудзецца ў лютым 2024 года ў Беларусі – немагчыма. Гэта ўсё ілюзія і прафанацыя», – тлумачыць намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Афіцыйна 25-га лютага пройдзе Адзіны дзень галасавання з выбарамі дэпутатаў у мясцовыя саветы, Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі і дэлегатаў так званага Усебеларускага народнага сходу – іх таксама выбіраюць ад дэпутатаў мясцовых саветаў і ад зарэгістраваных арганізацыяў. На справе гэта будзе Дзень прызначэння дэпутатаў усіх узроўняў Лукашэнкам і ягонай адміністрацыяй, кажа Павел Латушка:

«Гэта не выбары, гэта не дэпутаты. І няма сэнсу ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Лічу важным, калі будзе прынятае рашэнне Каардынацыйнай Радай і дэмакратычнымі сіламі, прыняць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў Беларусі. Пустыя ўчасткі для галасавання ў Беларусі таксама будуць знакам для рэжыму».

Аляксандр Лукашэнка. Касмадром Усходні, Расея. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Kremlin.ru

Рэжым рыхтуецца да выбараў, як умее.

«Менш чым за 24 гадзіны мы сабралі магутную групоўку», – хваліўся 19 кастрычніка старшыня Асацыяцыі спецназу МУС «Честь» Дзмітрый Паўлічэнка, падазраваны ў камандаванні «эскадронамі смерці» Лукашэнкі.

«650 падрыхтаваных, высока матываваных добраахвотнікаў па любым тэлефанаванні гатовыя прыбыць у любую кропку Беларусі, узброіцца», – дадаваў на прапагандысцкім відэа камандуючы ўнутранымі войскамі Лукашэнкі Мікалай Карпянкоў.

Як даведаўся партал «Zerkalo», у кастрычніку былы кіраўнік ГУБАЗіКу Мікалай Карпянкоў выступаў перад сабранымі сілавікамі ў вайсковай частцы 3214, і заявіў, што ў Адзіны дзень галасавання варта чакаць узброенага наступу з-за мяжы тых, хто не падтрымліваў Лукашэнку і прайшоў рэпрэсіі. Карпянкоў агучыў лічбу ў 350 тысячаў чалавек.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»