Вадзім Мажэйка: дваццаты год увойдзе ў падручнікі


«Жыць тут нармальна можна, але ўсё-ткі хацелася б займацца гэтым у Беларусі, займацца беларускамоўнымі праектамі ў Беларусі», – кажа рэжысёр і аператар Рынцук Выстаробскі. Цяпер творца ажыццяўляе свае праекты ў Варшаве. Ён – адзін з сотняў тысяч беларусаў, змушаных пакінуць Радзіму ў выніку жорсткіх рэпрэсіяў, што апанавалі краіну пасля выбараў 2020 года.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Увечары дзявятага жніўня беларусы выйшлі на вуліцы гарадоў, каб абараніць свой голас на выбарах.

«Я ўжо да 9-га жніўня ведаў, што выйду на пратэст, бо ўсё да таго ішло, што будуць сфальсіфікаваныя выбары», – узгадвае Рынцук Выстаробскі.

У адказ на патрабаванне справядлівасці – гвалт і катаванні. Так пачаліся самыя маштабныя і працяглыя пратэсты ў гісторыі Беларусі.

«Там адбыўся вызначальны для гісторыі беларускага грамадства момант: значная частка грамадства палітызавалася і значна пашырылася тое, што даследнікі называюць ядром дэмакратычных сілаў ці ядром пратэсту», – адзначае сацыёлаг Філіп Беканаў.

І чым больш узмацняўся пераслед, тым больш беларусы аб’ядноўваліся, паўставалі нізавыя структуры: дваровыя чаты, валанцёрскія ініцыятывы, культурніцкія ды адукацыйныя праекты.

«Дваццаты год увойдзе ў падручнікі беларускай гісторыі як год нашага развіцця, фармавання грамадзянскай нацыі, дэмакратычнага выбару беларусаў на карысць свабоды супраць гвалту, супраць дыктатуры», – кажа каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» аналітык Вадзім Мажэйка.

9 жніўня 2020 года. Ноч пасля выбараў.
Фота: Tut.by

Не спыняюцца рэпрэсіі і дагэтуль. Паводле праваабаронцаў, за тры гады не менш як 3645 асобаў асуджаныя ў крымінальных справах. За кратамі, паводле розных праваабарончых арганізацыяў, застаюцца ад 1494 да 1738 палітвязняў. У няволі для іх ствараюцца невыносныя ўмовы. Да забітых падчас пратэстаў дадаліся смерці ў зняволенні.

«Калі ты прыходзіш, усё СІЗА – гэта палітычныя, і ты разумееш, што гэта проста нейкі маразм. Такое ўражанне, што страшны сон, бо людзі ўсе настолькі адэкватныя, настолькі разумныя, начытаныя… То бок мы за свае словы проста сядзім», – узгадвае палітычная ўцякачка Інга.

І пераслед беларусаў пастаянна пашыраецца: людзей затрымліваюць за фотаздымкі, каментары ў інтэрнэце, за любое слова супраць дзейнага рэжыму. Цалкам знішчанае палітычнае, грамадскае і інфармацыйнае поле.

«У гэтай атмасферы ціску ўсё яшчэ захоўваецца вялікае – гэта мільёны людзей – ядро тых, хто не прымае рэжыму, не прымае Лукашэнкі і не падтрымлівае вайны», – падкрэслівае Філіп Беканаў.

А раз палітычны крызіс у краіне не пераадолены, то і рэжым Лукашэнкі не можа пачуваць сябе пераможцам, мяркуе Вадзім Мажэйка.

«Цяпер гэта цяжкі шлях, але гэта цяжкі шлях да лепшага. І беларускай нацыі хапіла годнасці і мужнасці на гэты шлях стаць. Таму галоўнае – верыць, што мы зможам яго гэтак жа годна прайсці. І ўсё для гэтага рабіць кожнаму з нас на сваім месцы», – кажа аналітык.

І пакуль тыя, хто не можа вярнуцца ў Беларусь, усяляк намагаюцца працаваць для будучыні краіны ў замежжы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»