Засуха ў Беларусі: людзі чакаюць дажджоў


У Лагойску, прынамсі ў некаторых дамах, з’явілася вада, якой не было з серады. Улады ківалі на засуху. Маўляў, праз яе жыхары раённага цэнтру актыўна палівалі гароды і вычарпалі рэзервуар водазабору. Цяпер на ім вядуцца рамонтныя працы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сёння ёсць [вада] нават на тых аддаленых, у каго праблемныя дамы. У каго з ціскам, з напорам цяжка – у іх таксама ёсць. Сёння не было толькі на вуліцы Будаўнічай, але цяпер ужо Будаўнічая кажа, што ёсць. Адзінае, што ўначы будзе адключэнне. Спецыяльна ўначы, каб не пакідаць людзей без вады. Калі людзі спяць, будуць рабіць рамонтныя працы».

Паводле звестак «Белгідрамету», у мінулым месяцы агулам на Беларусі выпала блізу дванаццаці міліметраў ападкаў. Пры месячнай норме шэсцьдзесят тры міліметры. Апошні раз такую засуху ў траўні назіралі ў 1945 годзе. На думку экалагічнага актывіста Аляксея Аўчыннікава, гэта – наступства глабальнага пацяплення і змены клімату:

«Мы бачылі анамальны пачатак вясны, калі было шмат ападкаў, былі навадненні ў Гомельскай і Віцебскай вобласцях. Пасля гэтага мы бачым вельмі сухі травень. І гэта як раз зʼяўляецца такім сімвалам зменаў клімату, калі мы кожны месяц назіраем розныя анамальныя зʼявы».

Адсутнасць вады ў дамах – не адзінае негатыўнае наступства сухога надворʼя, што трывае цяпер у Беларусі. Толькі цягам чэрвеня і толькі ў Менскай вобласці адбылося шэсць загаранняў на палігонах побытавых адкідаў. Да таго ж, ёсць вялікая рызыка лясных пажараў. Нездарма на большасці тэрыторыі Беларусі цяпер забаронена наведваць лясы.

«19 адсоткаў [ападкаў] выпала ў траўні. Усе будуць глядзець як будзе ў чэрвені, але цяпер пачынаецца сезон лясных пажараў і ўсё гэта можа гарэць. У нас тут хвойныя лясы, якія хутка могуць загарэцца і гэта будзе вялікая бяда», – мяркуе Аляксей Аўчыннікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трактар арэ поле пасля збору ураджаю. Менская вобласць, Беларусь. 18 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

На думку былога кіраўніка калгасу Мікалая Лысянкова, цяжкая сітуацыя з прычыны засухі склалася і ў вясковай гаспадарцы:

«У першую чаргу пацярпяць яравыя культуры, якія пасеялі ў красавіку, і якім у траўні-чэрвені трэба развівацца. Тыя ж кукуруза, цукровыя буракі. Яны не маюць развіцця. Гэта значыць, мы страцім практычна ва ўсіх культурах. І страты ўраджаю могуць быць значныя».

Страты ў раслінаводстве непазбежна прывядуць да праблемаў з жывёлагадоўляй.

«Пашы яшчэ ёсць, але яны практычна выгарэлі. Той жа першы ўкос зараз скончыцца, другога можа і не быць без дажджоў. Адпаведна, на зіму кармоў менш нарыхтуем. Адпаведна, трэба будзе скарачаць пагалоўе, або купляць за мяжой», – кажа Мікалай Лысянкоў.

Як мяркуе эксперт, беларускія аграрыі не маюць грошай, каб змагацца з наступствамі засухі, таму чакаюць дажджоў як ратунку. Між тым «Белгідрамет» найбліжэйшымі днямі абяцае толькі кароткачасовыя дажджы і толькі на поўдні ды ўсходзе Беларусі.

Ян Федаровіч, «Белсат»