У Менску адбыўся дзень электратранспарту


У Менску чацвёрты раз адбыўся дзень электратранспарту. Як і летась выстава размясцілася на пляцоўцы ля нацыянальнай бібліятэкі. Сёлетнюю акцыю прысвяцілі грамадскаму транспарту. А якія праблемы і перспектывы ў пашырэнні электрычнага аўтапарку для перавозкі пасажыраў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адна з акцыяў падчас Дня электратранспарту – беларускі сілавы атлет Кірыл Шымко зрушыў і працягнуў на 10 метраў 12-тонны тралейбус з пасажырамі. Звычайна ж тралейбус рухае электрычнасць, і гэта значна экалагічнейшы від транспарту ў параўнанні з дызельным ці бензінавым.

«Арганічныя спалучэнні вельмі шкодныя і таксічныя, азон і парніковыя газы – усё гэта робіць стары транспарт на неўзнаўляльным паліве, якое робіцца з нафты, усё менш прымальным для чалавецтва, для грамадства», – кажа эколаг, адмыслоўца ў галіне ўстойлівага развіцця і энергетыкі Таццяна Новікава.

Паводле звестак за мінулы год у структуры шкодных выкідаў у Беларусі грамадскі транспарт займае 61 адсотак, а ў Менску нават 85 адсоткаў.

Але і электрычны транспарт экалагічным робіцца толькі тады, калі крыніцы электрычнасці, на якой ён працуе – аднаўляльныя: сонца, вецер, біяпаліва. Галоўны ж яго мінус – выкарыстанне літыевых акумулятараў. Здабыча літыя ў кар’ерах спараджае знішчэнне экасістэмаў, а адпрацаваныя акумулятары – шкодныя для навакольнага асяроддзя, тлумачыць Таццяна Новікава:

«Тэхналогія перапрацоўкі батарэяў, каб можна было здабываць гэтыя рэдказямельныя металы, каб можна было здабываць літый з батарэяў, не ўсталяваная ў свеце. Ёсць эксперыменты, як гэта можна было б рабіць, але яны камерцыйныя».

Але электрычны грамадскі транспарт несумненна трэба развіваць, лічыць экспертка, бо гэта змяншае негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Электратранспарт у Менску. Крыніца: energobelarus.by

У Беларусі комплексная праграма развіцця электратранспарту дзее ўжо два гады. Калі ў 2020-м годзе кожная пятая адзінка грамадскага транспарту была электрычнай (20 %), то да 2025-га года ўлады плануюць павялічыць яго колькасць да 30 адсоткаў. А ў Шклове і Жодзіне плануецца зрабіць грамадскі транспарт цалкам электрычным.

«На гэта няма сродкаў – каб пусціць тралейбусы ці трамваі. Гэта будуць звычайныя аўтобусы з электрычным рухавіком, экалагічна бяспечныя, бясшумныя, новыя», – патлумачылі ў аддзеле эканомікі Шклоўскага райвыканкаму.

Лічбу 30 адсоткаў наш эксперт лічыць рэальнай, бо сетка электратранспарту, прынамсі ў буйных гарадах Беларусі, даволі развітая. Апроч абласных цэнтраў тралейбусы ходзяць у Бабруйску, а трамваі – у Мазыры і Наваполацку. У сталіцы, паводле Менсктрансу, ужо летась амаль палова гарадскога транспарту была электрычнай.

«Тут пытанне, каб было дастаткова рухомага складу, кіроўцаў, бо можа бракаваць рабочай сілы. Гэта кваліфікаваная праца», – кажа ўрбаніст Андрэй.

Перашкодзіць рэалізацыі праграмы можа і фінансавы бок, лічыць эканаміст Віталь Алейнік. Асабліва страта доступу да фінансавых механізмаў Міжнароднага банку рэканструкцыі і развіцця ды Еўрапейскага інвестыцыйнага банку.

«Гэтыя арганізацыі ўкладалі сотні мільёнаў долараў у інфраструктурныя праекты ў Беларусі, але вымушаныя былі сысці з краіны на тле разбуральнай палітыкі, якая праводзіцца з 2020 года і дасюль, ды на тле вайны, у якую ўвязалі Беларусь», – кажа Віталь Алейнік.

Ва ўмовах нястачы сродкаў на развіццё грамадскага электратранспарту важна прынамсі захоўваць і падтрымоўваць ужо існую інфраструктуру, падкрэсліваюць нашыя суразмоўцы. А для большай экалагічнасці яшчэ і ўдасканальваць лагістыку перавозаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»