Распачаўся новы этап вайны з інтэрнэтам у Беларусі


Дзеянні рэжыму супраць незалежных беларускіх медыяў спрабуюць узаконіць. Дзеля гэтага чыноўнікі змяняюць заканадаўства. Цяпер дамены рэсурсаў, якія трапілі ў спіс экстрэмісцкіх, будуць аўтаматычна ануляваныя пасля залучэння іх у адпаведны пералік. Пэўныя папраўкі ўнеслі ў Інструкцыю аб рэгістрацыі даменных імёнаў у зоне BY.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Насамрэч гэтыя змены з‘яўляюцца цікавымі, але, на мой погляд, даволі рэпрэсіўнымі. Зараз чыноўнікі спрабуюць стварыць законную рамку сваёй працы, каб лягчэй рэгуляваць і адбіраць дамены беларускіх медыя», – кажа галоўны рэдактар «REFORM.by» Фёдар Паўлючэнка.

Новаўвядзенні распрацаваў Аператыўна-аналітычны цэнтр. У 2021-ым годзе асабістым загадам Лукашэнкі гэтае падраздзяленне атрымала ўнікальнае права ў любы момант вымкнуць у краіне інтэрнэт, тэлебачанне і радыё.

«Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце – у савецкі час гэта арганізацыя займалася абаронай сакрэтаў, шыфраваннем. Гэта было падраздзяленне КДБ. Сёння яна адказвае у тым ліку і за гэтыя функцыі ды за тэхнічную частку кантралявання беларускага інтэрнэту», – паясняе медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Прынятыя праўкі яшчэ больш пашыраюць паўнамоцтвы гэтай арганізацыі. Паводле новай інструкцыі, каб выдаліць «экстрэмісцкі» рэсурс з даменнай зоны, патрэбнае толькі рашэнне самога цэнтру. Гэтак, дамен парталу «REFORM.by» пасля публікацыі дакументу могуць ануляваць у любы час.

«Гэта чакана і мы падрыхтаваліся. Але любыя блакаванні, любыя праблемы з даменам, з серверам – усё не на карысць нашай працы, таму што гэта зніжае нашыя магчымасці даводзіць незалежную інфармацыю да беларускай аўдыторыі. Але гэта не смяротна – мы будзем працаваць далей», – дадае Фёдар Паўлючэнка.

ноўтбук
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Магчымасць быць выдаленым з даменнай зоны ў першую чаргу паўплывае на медыі, што застаюцца працаваць у Беларусі: для іх паўстае рызыка застацца без рэкламадаўцаў, якім важна трансляваць рэкламу без перабояў. Таксама блакаванне негатыўна адаб’ецца на праглядах заблакаваных парталаў: чытачам патрэбны час, каб знайсці ўлюбёны рэсурс у новай даменнай зоне.

«Калі рэдакцыя знаходзіцца ў Беларусі, яна мусіць неяк так зважаць патрабаванні кіроўнага рэжыму, на нарматыўныя акты і гэтак далей. Калі яна знаходзіцца за мяжой – яна больш разняволеная. Але так, сапраўды, гэты сайт можа быць заблакаваны для аўдыторыі ў Беларусі, якая можа пры неабходнасці навучыцца карыстацца ВПН і іншымі сэрвісамі», – працягвае Паўлюк Быкоўскі.

Рэжым вядзе барацьбу з незалежнымі медыямі не першы год. Сумнавядомы Закон аб захадах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму прынялі ў 2021-ым. Сёння спіс матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі, расцягнуўся на 890 старонак. Паводле Лукашэнкі, на месца незалежных медыяў мае прыйсці медыяхолдынг гэтак званай Саюзнай дзяржавы:

«Калі мы створым нармальны медыя-холдынг з улікам спроб і памылак, то гэта будзе добры холдынг. Людзі павінныя ведаць, што адбываецца ў Беларусі, у Расеі. Тое, што існуе цяпер, не зусім нас задавальняе», – казаў ён.

Летась у рэйтынгу свабоды медыяў Беларусь заняла 157-ае месца са 180-ці магчымых. Краіна – на пятым месцы ў свеце паводле колькасці зняволеных журналістаў. За кратамі застаюцца ў тым ліку і журналісты нашага тэлеканалу.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»