Хто прыходзіць на месца выціснутых за мяжу беларускіх літаратараў?


118 кніг – менавіта столькі праўладны саюз пісьменнікаў Беларусі выдаў за 2023 год за бюджэтныя сродкі. Сярод іх – творы на ваенную тэматыку і опусы лукашэнкаўскіх прапагандыстаў. І пакуль яны працягваюць збіраць пыл на паліцах бібліятэк, кнігу беларускага палітзняволенага Максіма Знака намінавалі на прэстыжную брытанскую ўзнагароду.

З беларускай турмы – у шорт-ліст брытанскай прэміі. Кніга «Зэкамерон» Максіма Знака ўвайшла ў пяцёрку найлепшых раманаў, выдадзеных у малых выдавецтвах Вялікай Брытаніі і Ірландыі. Асуджаны на 10 гадоў узмоцненага рэжыму адвакат і актывіст задакументаваў сто дзён свайго зняволення – упершыню кніга пабачыла свет у 2022-м.

«Наяўнасць кнігі ў шорт-лісце – гэта ўжо перамога, бо шорт-ліст – гэта зрэз найбольш якаснага, што выдавалася ў папярэднім годзе… А кніга яшчэ важная і тэмай сваёй, бо яна апісвае ўтрыманне людзей у СІЗА. Гэта тэма сённяшняй Беларусі, тэма палітзняволеных, тэма ўмоваў утрымання, якія прызнаюцца праваабаронцамі катаваннямі», – мяркуе старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай

«Зэкамерон» – не першая і не апошняя кніга, у якой асэнсоўваецца беларускі турэмны досвед. Гэтак, на днях у лонданскім выдавецтве «Скарына прэс» свет пабачыў зборнік дакументальнай прозы «Калі я выйду на волю» паэткі і перакладчыцы Ганны Комар, якая ў 2020-м 9 дзён правяла ў Жодзінскай турме.

«Дагэтуль я пісала паэзію, але паэзіі мне стала недастаткова, бо мне вельмі хацелася захаваць не толькі сваю гісторыю, але і галасы іншых беларусак і беларусаў, з якімі мы былі разам, праходзілі гэты досвед», – распавяла пра сваю новую кнігу паэтка Ганна Комар.

Паводле галоўнай рэдактаркі выдавецтва «Гутэнбэрг» Валянціны Андрэевай, беларусы замежжа актыўна набываюць і пераклады на беларускую сусветных аўтараў, і прозу ды паэзію літаратараў айчынных.

«Найбольш чутныя і запатрабаваныя чытачом, гэта, канешне, Ева Вежнавец, Альгерд Бахарэвіч і Саша Філіпенка. Уласна гэта тыя імёны, якія знаходзяць правільныя словы, і словы якіх вельмі шырока ўздзейнічаюць на нашых чытачоў», – кажа галоўная рэдактарка выдавецтва «Gutenberg» Валянціна Андрэева.

А вось чытачы ў Беларусі ў асноўным аддаюць перавагу дзіцячай літаратуры. Зварот да больш бяспечнага жанру можа быць звязаны з палітычнай сітуацыяй у краіне. Пасля выбараў 2020-га кнігі шэрагу папулярных аўтараў прызналі «экстрэмісцкімі», а незалежныя выдавецтвы былі вымушаныя прыпыніць сваю дзейнасць – каб затым аднавіць працу за мяжой.

«Мы цяпер можам выдаваць больш вольна, больш эфектыўна працаваць, больш свабодна гаварыць пра літаратуру, чым унутры краіны», – распавядае галоўная рэдактарка выдавецтва «Gutenberg» Валянціна Андрэева.

Месца фактычна вынішчанай у краіне незалежнай кніжнай галіны намагаюцца заняць праўладныя літаратары і выдавецтвы. Выдаюць кнігі, цытата, «для публічных бібліятэк» на стоадсоткавае фінансаванне з бюджэту. У межах гэтай праграмы, акрамя твораў пра Другую сусветную вайну і гераізм беларускага народу, выдаюцца і опусы лукашэнкаўскіх прапагандыстаў, сярод якіх – Андрэй Мукавозчык ды Людміла Гладкая. Пры гэтым Саюз пісьменнікаў Беларусі заклікае ігнараваць, цытата, «беглых літаратараў».

«Нас выціснулі з публічнай прасторы. Нас выціснулі з Беларусі – шмат каго. І заклікаюць ігнараваць. Гэта азначае толькі тое, што ў сумленнай барацьбе яны выйграць не могуць«, – кажа старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

Акрамя спрыяння выдавецкай дзейнасці, праўладны Саюз пісьменнікаў актыўна займаецца асветай. Праўда, праекты аб’яднання ў асноўным накіраваныя на прапаганду Саюзнай дзяржавы.

«Мы праводзім зараз кожны год фестываль беларуска-рускай паэзіі, песні з рознымі рэгіёнамі Расеі. У мінулым годзе пабывалі ў такім фестывалем у Валгаградскай вобласці. Да гэтага мы выпускаем спецыяльныя калектыўныя зборнікі пісьменнікаў Расеі і Беларусі», – кажа старшыня менскага аддзялення Саюзу пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Пазнякоў.

Ужо ў красавіку ў Беларусі адбудзецца літаратурны фестываль «Русь і Беларусь адзіныя». Грант на яго правядзенне Саюз пісьменнікаў атрымаў ад адміністрацыі Пуціна.

Наста Печанькова, «Белсат»