Такер Карлсан запісаў інтэрв'ю з Пуціным на замову Крамля?


Лекцыя гісторыі па-крамлёўску, што зацягнулася на 2 гадзіны. У цэнтры – Украіна і абгрунтаванне таго, чаму Крэмль мае на яе землі прэтэнзіі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Бальшавікі пачалі фармаваць СССР і стварылі Савецкую Украіну, якой да гэтага ўвогуле не існавала», – Пуцін гаворыць, а інтэрвʼюер адказвае «right», то бок пагаджаецца.

Суразмоўца – вядомы амерыканскі журналіст Такер Карлсан. Ягонае колішняе шоу «Tucker Carlson Tonight» на кансерватыўным канале «Fox News» глядзелі мільёны амерыканцаў. Цяпер Карлсан працуе ва ўласным медыябрэндзе «Tucker Carlson Network».

«Гэтае інтэрвʼю з Пуціным – яно на дадзены момант сабрала 90 мільёнаў, напэўна, збярэ яшчэ больш. Чаму ён такі папулярны? Бо заяўляецца, што ён робіць тыя тэмы, якіх не робіць мэйнстрымная амерыканская ліберальная прэса. Тым больш, прэса, якая падтрымлівае Дэмакратычную партыю», – зазначае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

«Калі пачалася так званая эпоха Доналда Трампа, ён стаў больш актыўным і ён стаў рупарам пэўнай часткі амерыканскага грамадства. І ён як персанаж, як журналіст, не ўяўляе нічога цікавага, ён больш адлюстраванне пэўных тэндэнцыяў у амерыканскім грамадстве», – кажа амерыканіст Антон Пянькоўскі.

Цяпер сапраўды з боку значнай часткі рэспубліканцаў гучаць заявы пра тое, што замест дапамогі Украіне ЗША мусіць сканцэнтравацца на ўласных праблемах. Напрыклад, на міграцыйным крызісе і бяспецы мяжы з Мексікаю.

«Або гэта мяжа, або гэта Украіна. І, вядома, такое пазіцыяванне дадае колькасць тых, хто хутчэй скептычна ставіцца да падтрымання Украіны», – мяркуе палітолаг Мікіта Савін.

Такер Карлсан і Уладзімір Пуцін
Такер Карлсан і Уладзімір Пуцін. Масква, Расея. 6 лютага 2024 года. Скрыншот: Tuckercarlson.com

І Пуцін у размове з Карлсанам выкарыстоўвае гэты козыр:

«У вас няма чым займацца? У вас праблемы на мяжы, па-мойму, праблемы з міграцыяй, праблемы з дзяржаўнай пазыкай, 33 з лішнім трыльёны долараў. Няма чым займацца? Лепш ваяваць ва Украіне? А ці не лепей дамовіцца з Расеяй?»

Паразважаў Пуцін нават пра Вялікае Княства Літоўскае. Але ў кантэксце Украіны. Маўляў, гэта была таксама дзяржава расейцаў, бо называлася Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.

«Калі ён даказвае ўсяму свету, што Украіна не мае права існаваць, бо вось такая гісторыя, гэта былі рускія землі, гэта былі рускія людзі… Пра Беларусь ён не гаворыць не таму, што думае, што Беларусь мае права, а таму што ён нават гэта не лічыць прадметам спрэчкі», – звяртае ўвагу Віталь Цыганкоў.

24 лютага 2022 года Расея парушыла дзяржаўную мяжу Украіны і пачала шырокамаштабнае ўварванне. У тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Такер Карлсан наўпрост запытаў Пуціна, ці не плануе ён нападаць на еўрапейскія краіны. Пуцін адказаў:

«Навошта нам гэта?У нас няма ніякіх інтарэсаў».

Але ў 2022 годзе за некалькі тыдняў да пачатку ўварвання Расеі ва Украіну Пуцін таксама казаў, што нападаць не збіраецца.

Алесь Яшчанка, «Белсат»