Што мы ведаем пра новага галоўнакамандуючага ЗСУ Аляксандра Сырскага?


8 лютага, за два тыдні да другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, Уладзімір Зяленскі звольніў Валерыя Залужнага з пасады галоўнакамандуючага ЗСУ. Замест яго вызвалены фатэль заняў камандзір сухапутных войскаў Украіны Аляксандр Сырскі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вось што пра гэта думаюць жыхары Кіева:

«Вельмі незадаволеная! Я лічу, што Залужны лепшым быў бы кіраўніком, чым хто іншы. Таму што ён з досведам, ён стратэг».

«Нельга! Нельга цяпер такім метадам мяняць верхавіну арміі. На пераправе коней не мяняюць!»

«Нехта папрацаваў нейкі час. Прыходзіць іншы кіраўнік. Я не бачу ніякай праблемы. Гэта нармальна ў любым відзе дзейнасці».

Тыя, хто крытыкуе рашэнне Уладзіміра Зяленскага зняць Залужнага і на ягонае месца прызначыць Сырскага, апелююць да біяграфіі апошняга. Маўляў, як чалавек, які нарадзіўся і атрымаў вайсковую адукацыю ў Расеі, можа камандаваць узброенымі сіламі Украіны?!

«Гэта ж савецкая адукацыя. Яно ўсюды было аднолькава. Усе дактрыны былі аднолькавыя. Таму я не думаю, што там адрозніваецца неяк кардынальна маскоўскае гэтае вучылішча, ад далёкаўсходняга вучылішча ці ад адэскага вучылішча. Гэта значыць, усё плюс-мінус аднолькава. Навучальны план, вы ж самі ведаеце, ён стандартны», – кажа вайсковы аналітык, былы працаўнік СБУ Іван Ступак.

Ва Украіну Аляксандр Сырскі пераехаў у 80-х гадах. Служыў спярша ў Нацыянальнай гвардыі, а потым – у ЗСУ. З пачаткам баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе ўзначаліў штаб тады яшчэ антытэрарыстычнай аперацыі. Быў адным з камандзіраў украінскай арміі падчас баёў за горад Дэбальцава зімою 2015 года. Сырскі каардынаваў выхад украінскіх байцоў з гораду, сфармаваўшы групу «Барс», што іх прыкрывала. За гэтую аперацыю яго ўзнагародзілі Ордэнам Багдана Хмяльніцкага 3-й ступені і павысілі да генерал-лейтэнанта. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Сырскі адыграў ключавую ролю ў адбіцці агрэсіі.

Аляксандр Сырскі.
Фота: president.gov.ua

«Ён кіраваў аперацыяй па абароне Кіева. Таксама ён кіраваў аперацыяй летам 2022 года, калі ўкраінцы вызвалілі значныя тэрыторыі на ўсход ад Харкава. Тады, падчас контрнаступу, украінскае войска спадзявалася вызваліць значную тэрыторыю. Але тое, што адбылося, перавысіла ўсе чаканні», – кажа аўтар і вядоўца міжнароднай праграмы «ПраСвет» Сяргей Пеляса.

Менавіта за вызваленне Кіеўскай вобласці ад расейскіх войскаў Сырскі быў уганараваны званнем Героя Украіны. У той час як Залужнаму гэтае званне прысвоілі сёння, на наступны дзень пасля звальнення.

Сёння ж Сырскі падзякаваў баявым пабрацімам і сёстрам, з якімі служыў у шэрагах Сухапутных войскаў ЗСУ, і распавёў пра новыя задачы, што стаяць перад ім цяпер. Гэта «дэталёвы план дзеянняў ад ЗСУ» на гэты год, справядлівае пераразмеркаванне зброі на карысць брыгадаў на першай лініі, развязанне праблемаў з лагістыкай, а таксама стварэнне дзейснай сістэмы ратацыяў. Галоўнай жа каштоўнасцю ўкраінскай арміі Сырскі назваў жыццё і здароўе вайскоўцаў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»