Пра Міколу Статкевіча год адсутнічае інфармацыя


Сёння роўна год, як няма вестак ад палітвязня Міколы Статкевіча. Лісты ад яго не даходзяць. Адваката не пускаюць. Пра стан здароўя – ніякай інфармацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Травень 2020 года. Мікола Статкевіч з паплечнікамі едзе на перадвыбарчы пікет Ціханоўскай. Аўтамабіль спыняюць невядомыя. Статкевіча выцягваюць вонкі. Пасля месяца арышту на волю ён не выходзіць.

«Нам хацелася спадзявацца, што гэта будуць “адміністратыўкі”, што ўсё ж у нас ёсць яшчэ тэрмін да канца кампаніі. Але Лукашэнка вырашыў не рабіць такіх памылак, якія ён здзейсніў у 2010 годзе. Ён разумеў, што калі Статкевіча пакінуць на волі да дня выбараў – гэта будзе іншая Беларусь», – узгадвае паплечніца Мікалая Статкевіча Вераніка Мішчанка.

Праз рэгулярныя спагнанні Статкевіча пазбавілі тэлефанаванняў і спатканняў і не дазваляюць перадаваць яму нават лекі.

«Сувязь з роднымі – гэта самае галоўнае што ёсць у асуджанага, гэта тое, што дапамагае сядзець, тое што грэе. А прадстаўнікі адміністрацыі гэта разумеюць і б’юць па самаму галоўнаму», – тлумачыць праваабаронца, былы палітычны зняволены Леанід Судаленка.

Працяглы час Статкевіча ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры, а таксама не раз змяшчалі ў штрафны ізалятар. Пры гэтым вядома, што ў палітыка хворае сэрца.

Мікалай Статкевіч.
Фота: Музей вольнай Беларусі/Instagram

«ШЫЗА – гэта такое самае пекла, у якім асуджаныя губляюць сваё здароўе, таму што праз холад у арганізме наступаць незваротныя працэсы», – дадае Леанід Судаленка.

Навошта Статкевіча ізалявалі ад вонкавага свету?

«Статкевіч – гэта асабісты вораг Лукашэнкі. Ён не ламаецца, не здаецца, ён шляхціц па духу. Калі рэжыму ўдасца зламаць Статкевіча, то з астатнімі можна ўжо не разбірацца», – заявіў выконваючы абавязкі старшыні партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі.

У межах кампаніі салідарнасці пад назваю «Пакажыце Статкевіча!» да міжнароднай супольнасці звярнулася Святлана Ціханоўская.

«Я заклікаю ўсіх нашых міжнародных партнёраў – медыі, палітыкаў, актывістаў – патрабуйце ад рэжыму паказаць Мікалая Статкевіча! Аказвайце максімальны ціск на рэжым. Нам трэба давесці, што ніякае злачынства не застанецца беспакараным і за яго трэба несці адказнасць», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Невядомасцю катуюць не толькі родных Міколы Статкевіча. Доўгі час няма вестак ад Ігара Лосіка, Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Марыі Калеснікавай ды іншых палітвязняў.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»