Міністэрства аховы здароўя забараніла расейскія шклоабмывальнікі


Выкарыстанне шклоабмывальнай вадкасці зімою – пытанне бяспекі. Пры куплі мы арыентуемся найперш на эфектыўнасць вадкасці. Але апошнія выпадкі паказваюць, што варта клапаціцца пра яе ўплыў на здароўе. Як не атруціцца метанолам, набыўшы вадкасць для аўтамабільнага шкла?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аўтааматары масава скардзяцца на пагаршэнне самаадчування пасля выкарыстання шклоабмывальнай «незамярзальнай» вадкасці расейскай вытворчасці. Гаворка пра прадукт пад назваю «М10».

«Купіў гэтую вадкасць. Каштавала каля 5-7 рублёў за пяць літраў. Заліў у бачок, і як толькі пачынаю карыстацца, слязяцца вочы, з’яўляецца кашаль, галава баліць і нейкае агульнае памутненне адбываецца. Можа быць, гэта мне так пашанцавала, не ведаю, але ўсім рэкамендую не заліваць поўны бачок “незамярзаек” з нізкім коштам».

Іншы гарадзенец паскардзіўся на тое, што вадкасць, якая, паводле вытворцы, не павінная замярзаць пры трыццаціградусным марозе, зрабілася непрыдатнай ужо пры мінус 10.

У шклоабмывальнай вадкасці выкарыстоўваюць ваду, мыйныя сродкі, араматызатары, фарбавальнікі. І, вядома, растворы розных відаў спіртоў, найперш этылавага. Але для таго, каб зрабіць прадукт больш танным, нядобрасумленныя вытворцы прымяняюць і метылавы спірт – метанол.

Паводле хіміка-даследніка Сяргея Бесараба, на 99 адсоткаў гэта кантрафактная прадукцыя, то бок склад тых рэчываў, якія ўваходзяць у гэтыя «незамярзальныя» вадкасці, не суадносіцца з тым, што напісана на этыкетцы, таму што на этыкетцы часцей за ўсё пішуць этанол.

Новый год, Рождество, праздник, Минск, новогодние украшения, праздничная иллюминация, фонари, ночь, зима, снег, снегопад, погода, зимний вечер, проспект Независимости, дорога, транспорт, автомобили
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабілі ў Менску. Менск, Беларусь. 18 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Метылавы спірт амаль не мае паху, адрозніць яго ад этылавага складана. Метанол добра чысціць шкло, аднак можа выклікаць вострыя атручванні пры ўдыханні, раздражняе дыхальныя шляхі, пагаршае зрок, выклікае галавакружэнне.

Што рабіць, каб пазбегчы шкоды для здароўя? Адказвае Сяргей Бесараб:

«Мінімізаваць кантакт скуры з гэтым спіртам, ні ў якім разе не спрабаваць яго на смак. Што да вытворцы, то тут абсалютная рулетка, нават вытворцы, якія раней не былі заўважаныя ў вытворчасці кантрафактнай прадукцыі, цяпер яе робяць».

Міністэрства аховы здароўя забараніла ўвоз і продаж у Беларусі трох марак нізказамярзальных шклоабмывальных вадкасцяў расейскай вытворчасці.

«CLEAR VIEW -30» (вытворца ТАА «Граль»)

«SNOW TRACK -30» (вытворца ТАА «Тэх-лайн»)

«ARCTIC FROST -30» (вытворца ТАА «Авалон»)

Пазначана, што яны не адпавядаюць патрабаванням да ўтрымання метанолу. Цяпер санітарна-эпідэміялагічная служба разам з імпарцёрамі прадукцыі робіць захады, каб гэтых тавараў не было на рынку. Іх утылізуюць або вернуць вытворцам.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»