Камунальнікі не даюць рады снегу


Снежань працягвае падсыпаць снегу, а з ім – праблемаў для працаўнікоў камунальных службаў. Да снежных гурбаў дадаліся ледзяшы. Чаму адпаведныя службы не спраўляюцца і куды звяртацца жыхарам, каб развязаць праблему? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вялізныя ледзяшы на дахах будынкаў па вуліцы Гогаля ў Полацку і Кастрычніцкай у Віцебску. Увагу на іх звярнуў тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДом». Мы пацікавіліся ў ЖЭС нумар 1 Полацку, чаму не пазбівалі небяспечны для здароўя, а нават і жыцця мінакоў, лёд. Нам адказалі, таму што для гэтага патрэбна вышка, вышкі не было, магчыма прыйшла ўжо.

Калі вы заўважылі пагрозлівага выгляду ледзяшы на дахах ці балконах, пакінуць заяўку ў службу «115» можна ў кожным населеным пункце краіны.

Паведаміць на гэты нумар можна і тады, калі не расчышчаны снег. Але разлічваць на тое, што праблему вырашаць адразу, не варта. Бо, паводле прадстаўніцы ЖЭУ нумар 2 Воршы, снегу шмат, а пацаўнікоў не хапае.

Падобна, што ў снежні камунальнікі зімы не чакалі. Каб пачысціць сцежкі, двары, ходнікі, спрабуюць мабілізаваць бюджэтнікаў і нават дзяцей.

Работница жилищно-коммунального хозяйства убирает снег, морозы в Беларуси
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працаўніца ЖКГ прыбірае снег. Менская вобласць, Беларусь. 20 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Але, нагадвае былы дэпутат Мастоўскага раённага савету дэпутатаў, эксперт у мясцовым самакіраванні Зміцер Кухлей, у 2020-2021 гадах, беларускія ўлады мабілізавалі камунальнікаў і вельмі хутка вырашылі пытанні з графіці.

«То бок знайшлі і людзей, і сродкі, і грошы на тое, каб зрабіць так, быццам нічога не было, каб сцерці з памяці людской і са сценаў».

Часта ад чыноўнікаў можна пачуць, што не хапае не толькі людзей, але і сродкаў на жыллёва-камунальную гаспадарку. Але, паводле Зміцера Кухлея, грошы ёсць, толькі іх пераразмяркоўваюць на ідэолагаў, на салюты, на тое, каб 20 разоў перад райвыканкамамі перакласці новы асфальт?

«Усюды на гэтае сродкі знаходзяцца. Адкуль яны знаходзяцца? Яны бяруцца з тых напрамкаў, якія лічацца не прыярытэтнымі. У гэтым выпадку – прыборка снегу».

Апроч сезонных праблемаў застаюцца іншыя. Гэтак, той жа тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДом» звяртае ўвагу на непрыбраныя сметніцы. Апублікаваныя фота заваленых адкідамі смеццевых кантэйнераў у Магілёве, Віцебску, Расонах, Фаніпалі, Воршы, Гомелі, Салігорску. З гэтай праблемай таксама звяртайцеся ў службу «115».

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»