Вайна ордараў: Пуцін і Лукашэнка выступаюць супраць Гаагі


Чым бліжэй Гаага, тым грамчэй пагрозы з Менску і Масквы. Учора мы распавядалі пра новы пакет дакументаў аб ваенных злачынствах Лукашэнкі, які прынялі пракуроры ў Міжнародным крымінальным судзе. А сёння стала вядома пра тое, што Расея абвесціла ў вышук суддзю з гэтага суда, які раней выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. Нагадаем, што Пуціна і Лукашэнку падазраюць у саўдзеле ў выкраданні ўкраінскіх дзяцей.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейская паліцыя шукае нараджэнца Коста-Рыкі Сэрхіё Хэрарда Угальдэ Гадынэса – як значыцца ў базе, «паводле крымінальнага артыкулу». Сэрхіё Гадынэс – дацэнт міжнароднага права, эксперт у правах чалавека і ў забароне хімічнай зброі. А яшчэ ён – суддзя Міжнароднага крымінальнага суда. Разам з яшчэ двума суддзямі ён абвесціў у вышук Уладзіміра Пуціна і пуцінскую памочніцу Марыю Львову-Бялову за выкраданне ўкраінскіх дзяцей.

«Вышук, які абвесціла Расея, будзе распаўсюджвацца на яе тэрыторыю. Максімум – на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, бо ёсць міждзяржаўны вышук. А што тычыцца Пуціна і Львовай-Бяловай, то іх будуць шукаць як мінімум у 120 краінах, якія ратыфікавалі Рымскі статут. А можа быць, і ў 155 краінах, якія падпісалі гэты статут», – тлумачыць юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

Апроч суддзяў, Масква шукае і генеральнага пракурора Карыма Хана, паводле артыкулаў аб прыцягванні да адказнасці заведама невінаватага, аб замаху на злачынства і аб падрыхтоўцы нападу на прадстаўніка дзяржавы – магчыма, маецца на ўвазе сам Пуцін.

Наступны ордар Міжнароднага крымінальнага суда можа быць выдадзены на Аляксандра Лукашэнку. Ва ўсялякім выпадку над гэтым працуе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.

«Тут дадатковыя доказы непасрэднага ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Мы паказваем іерархічную структуру, створаную Лукашэнкам, субардынацыю стасункаў і ягоную ролю як старшыні так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Таксама тут новыя доказы і раней невядомыя факты датычнасці розных расейскіх і беларускіх арганізацыяў і іх чальцоў да незаконнай дэпартацыі дзяцей», – распавёў журналістам у Гаазе кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

У вывазе ў Беларусь украінскіх дзяцей і ў стварэнні з іх грамадзян Расеі ўдзельнічае і БРСМ, і Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Такія звесткі ўтрымлівае другі пакет дакументаў, які напярэдадні НАУ перадало ў суд у Гаазе.

Будынак Міжнароднага суду ў Гаазе, Нідэрланды.
Фота: jbdodane / Flickr

«А якія інструменты ёсць у Расеі, каб супрацьстаяць рашэнням МКС? Яны не здолелі нічога зрабіць з ордарам на арышт свайго прэзідэнта», – мяркуе кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

З аднаго боку, у Маскве называюць ранейшы ордар на Пуціна юрыдычна нікчэмным. Але праз міжнародныя арганізацыі Пуцін і Лукашэнка моцна просяць дапамогі – як на саміце СНД у Бішкеку.

«Падобна, кагосьці гэта пакуль проста не закранула. Калісьці захочаце і вы дапамагчы дзецям, падарыць ім трохі дзяцінства, выратаваць ад бамбаванняў і выбухаў, а вас за гэта абвесцяць у міжнародны вышук», – абураўся Лукашэнка ў Бішкеку 2023.10.13.

Не ўсе краіны падпісалі і ратыфікавалі Рымскі статут, які абавязвае арыштаваць злачынцу, абвешчанага ў вышук у Гаазе. Але за гэты год Уладзімір Пуцін наведаў толькі Кыргызстан і Кітай.

«Акрамя юрыдычнага складніку, тут ёсць палітычны. Мы памятаем сітуацыю з Паўднёваафрыканскай Рэспублікай, калі казалі, што не будуць арыштоўваць Пуціна, потым казалі, што будуць выконваць Рымскі статут», – нагадвае юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

«Гэта Турэччына, куды Эрдаган не вырашыўся пусціць Пуціна, яны сустрэліся ў Сочы. Фактычна для Пуціна засталося, як і для Лукашэнкі, Кітай – толькі туды ездзіць. Ну, і некаторыя краіны Цэнтральнай Азіі, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі, застаюцца ў сферы ўплыву Расеі», – тлумачыць Яўген Красулін.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне паведамляе прынамсі пра 3 тысячы ўкраінскіх дзяцей, якіх прывезлі з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь з парушэннем міжнароднага гуманітарнага права.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»