Навошта ўладам спатрэбіўся Рэспубліканскі патрыятычны цэнтр?


11 лістапада дадуць сімвалічны старт будоўлі Рэспубліканскага цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі ў Берасцейскай крэпасці. Там правядуць суботнік – будуць рыхтаваць пляцоўку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Яшчэ ў 2018 годзе моладзевы патрыятычны цэнтр абласнога ўзроўню адкрылі на Кобрынскім умацаванні крэпасці. Пра маштабаванне праекту загаварылі пасля падзеяў 2020 года, калі ўлады ў Беларусі пачалі рабіць асаблівы акцэнт на гэтак званае патрыятычнае выхаванне.

У лютым 2022-га, незадоўга да ўварвання ва Украіну, міністры абароны Беларусі і Расеі наведалі Берасцейскую крэпасць. Азнаёміліся, як паведамлялася, і з планамі развіцця патрыятычнага цэнтру.

Ідэя не тое каб новая: гэткія цэнтры даўно існуюць у Расеі. Беларускаму праекту таксама паабяцалі расейскае падтрыманне так званай Саюзнай дзяржавы, заявіў на мінулым тыдні яе дзяржсакратар Дзмітрый Мезенцаў.

«Тыя метады, якімі ў Расеі карыстаюцца (тая ж пабудова цэнтраў, выкарыстанне сацыяльных сетак) – гэтыя метады выкарыстоўваюцца ў Беларусі, але яны імкнуцца, каб кантэнт прапаганды быў дзяржаўны, беларускі», – кажа палітычны аналітык, гісторык Аляксандр Фрыдман.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадстаўнікі БРСМ. Крыніца: Белсат

Пляцоўка – крыху ўбаку ад турыстычных аб’ектаў крэпасці. У першую чаргу маюць збудаваць казармы, намётавае мястэчка і спартовыя пляцоўкі. Каштарыс – 30 мільёнаў рублёў. Другая чарга – гэта навучальныя класы, сталоўка, аднаўленне паўночна-заходняе брамы. Трэцяя – адпачынкава-асветніцкі комплекс у заходнім форце і ўпарадкаванне тэрыторыі. На будаванне ўжо сабралі каля 8 мільёнаў – коштам ахвяраванняў і суботнікаў.

«Рэжым спрабуе працягваць сваю ідэалогію праз Берасцейскую крэпасць, перакінуць гэты масток ад савецкай да лукашэнкаўскай спадчыны. І вось будаванне гэтага цэнтру і ёсць перакідваннем гэтага мастка спадчыны», – кажа намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і былы навуковы працаўнік Берасцейскай крэпасці Арцём Брухан.

Новы цэнтр, відаць, – працяг курсу на так званае вайскова-патрыятычнае выхаванне моладзі. У краіне, паводле, апошніх звестак, існуе каля 800 адпаведных клубаў пад кіраўніцтвам сілавікоў.

«Яны могуць прымусіць людзей гэта бачыць, гэта слухаць, гэта чытаць. Яны не могуць прымусіць людзей пераняць гэтыя погляды. З гэтым у іх будуць цяжкасці», – кажа Аляксандр Фрыдман.

У лічбавую эпоху цяжка навязаць моладзі адзіны светапогляд, мяркуе аналітык. Напрыклад, у інтэрнэце можна знайсці альтэрнатыўныя версіі падзеяў падчас абароны Берасцейскай крэпасці, адрозныя ад савецкай і лукашэнкаўскай прапаганды.

Валянцін Васіленка, «Белсат»