Беларусь будзе «патрыятычна» выхоўваць моладзь разам з Расеяй?


Беларусь плануе супрацу з Расеяй у вайскова-патрыятычным выхаванні моладзі – паведамляюць расейскія крыніцы. Гэтым рэжым Лукашэнкі актыўна заняўся пасля падзеяў 2020-га года. Тут табе і вайсковыя клубы, і гульні. Навошта ўлады так актыўна ўзяліся за моладзь? І да чаго можа прывесці патрыятызм па-лукашэнкаўску?

Міністэрства абароны Беларусі хоча стварыць аналаг расейскага цэнтру «Авангард», які займаецца так званым вайскова-патрыятычным выхаваннем моладзі, – кажа кіраўніцтва арганізацыі. Міністр Віктар Хрэнін наведаў яе стэнд падчас форуму «Армія» у Маскве. Мінабароны Расеі афіцыйна прапанавала стварыць беларуска-расейскі каардынацыйны савет для працы з моладдзю.

«Усё тут выглядае натуральным, няштучным: і вяртанне ў мінулае, і хаўрус паміж так званымі патрыётамі Расеі і Беларусі. Зараз трэба чакаць, што будуць вайскова-патрыятычныя школы, потым вайскова-патрыятычная адукацыя, а потым краіна як лагер», – кажа дырэктар Цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Рэжым Лукашэнкі стварае цэнтр патрыятычнага выхавання ў Берасцейскай крэпасці. Праект абвясцілі ўсебеларускаю моладзеваю будоўляю. За вайсковае выхаванне моладзі актыўна ўзяліся пасля падзеяў 2020 года.

«Выхаванне любові да сваёй краіны, да сваіх бацькоў, да сваёй малой радзімы – гэта нармальная сітуацыя, гэта здаровае грамадства. А тое, што мы назіраем, прыводзіць да таго, што сёння адбываецца ў Чарнігаве. Калі ляцяць бомбы, забіваюць мірных людзей, а так званыя вайсковыя патрыёты так ці інакш апраўдваюць гэтыя забойствы», – мяркуе Анатоль Лябедзька.

Рэжым Лукашэнкі, імаверна, дбае пра самазахаванне.

«Улады перайшлі ў мілітарысцкі рэжым. Ім істотна, каб узнікла новая генерацыя тых, хто можа калечыць і забіваць суайчыннікаў», – мяркуе спецыяліст у галіне адукацыі Андрэй Лаўрухін.

«Любыя дыктатарскія рэжымы – гэта фартэцыя ў аблозе. Таму ўсе яны функцыянуюць паводле такіх прынцыпаў», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Сустрэчы з сілавікамі, вайсковыя гульні і нават абкатка танкамі. Ці шмат у гэтым сапраўднага патрыятызму?

«Не ідзе размова пра тое, што нам трэба выхаваць людзей такім чынам, каб яны былі годнымі беларусамі, каб яны ведалі, што трэба бараніць Беларусь ад пагрозы, з якога боку яна б ні прыйшла і якая б палітычная кан’юнктура ні была», – мяркуе журналіст «Еўрарадыё», суаўтар кнігі пра беларускую нацыянальную ідэю Зміцер Лукашук.

Рэжым Лукашэнкі, падобна, бярэ курс на мілітарызацыю. Паводле ўладаў, сёлета ў траўні ў краіне ўжо было каля васьмісот гэтак званых вайскова-патрыятычных клубаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»