Карпарацыя для клану Бакіевых у Беларусі


Сёння ў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі меліся ўрачыста, з помпай адкрыць чарговую вытворчую лінію. Чакаўся нават удзел Аляксандра Лукашэнкі. Гэтую карпарацыю дзяржаўная прапаганда ставіць у адзін шэраг з Астравецкай АЭС.

А вось расследавальнікі раскрываюць ценявы бок інавацыйнага бізнесу: афшоры сярод акцыянераў, спецыяльныя ўмовы закупаў і продажу, а таксама сапраўдныя гаспадары «карпарацыі будучыні» – клан абвешчанага ў міжнародны вышук экс-прэзідэнта Кыргызстану Курманбека Бакіева.

1 млн тонаў камбікармоў – аб’ёмы, пасільныя беларускай вытворчасці. Ужо месяц, як выпускаем высакаякасны корм і прэміксы для гадаўлянай жывёлы, птушкі і рыбы. У плане – вырабляць незамяняльныя амінакіслоты шасці тыпаў. Лізін, які ўтрымліваецца ў яйках і мясе буйной рагатай жывёлы – ужо робім. У перспектыве вытворчасць вітамінаў і азотных угнаенняў. Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя – гонар Аляксандра Лукашэнкі.

«Канешне, Аляксандр Рыгоравіч, тут крута! З зерня коштам $ 150 мы будзем рабіць трыптафан коштам $ 8000 – прэзентуе грандыёзны праект ягоны дырэктар Данііл Урыцкі. У Кыргызстане цвердзяць, што гэта ўцеклы ў 2010-ым годзе экс-прэмʼер краіны Даніяр Усенаў.

Аляксандр Ярашэвіч, журналіст-расследавальнік:

«Па здымках, па голасе, па відэа – пазналі, што гэта Даніяр Усенаў. Нават ягоная былая жонка сказала, што гэта ён. Таксама ягоныя былыя калегі па ўрадзе, бізнесоўцы з Кыргызстану сказалі, што гэта Даніяр Усенаў».

Усенава на радзіме завочна асудзілі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і саўдзел у забойствах па палітычных матывах. У Беларусі асеў і абвешчаны ў міжнародны вышук экс-прэзідэнт Курбанбек Бакіеў. Паводле журналіста Аляксандра Ярашэвіча – беларуская аграпрамысловая карпарацыя з акцыянерамі ў Шатландыі і Арабскіх Эміратах – бізнес Бакіева.

«Мне ўдалося высветліць, што за шатландскімі афшорамі стаіць Аслбек Саліеў – гэта малады чалавек, які зʼяўляецца пляменнікам Курманбека. Хто стаіць за Эмірацкімі афшорамі – не вядома. Інсайдары ў ААЭ казалі, што агулам гэта бізнес, звязаны з Курманбекам Бакіевым», – кажа Аляксандр Ярашэвіч.

Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя – акцыянернае таварыства, у якім названыя афшорныя кампаніі Шатландыя – Maxforce LP і Altastar LP – 22,5 %, ААЭ – Al Salaam Biotech Investments Ltd. і Al Ziad Agro Investments Ltd. – 22,5 %, маюць агулам 50 % акцыяў. 29 % належыць кітайскім CITIC International Investments і COFCO Corporation. Беларусі належаць 25 % акцыяў і 1 % – расейскай кампаніі «Вирен-Инвест».

У 2019 годзе праект «Кошт урада» адным з першых даследаваў схему працы карпарацыі, структураванай у некалькіх краінах. Зрабіў высновы Уладзімір Кавалкін, кіраўнік Праекту «Кошт Ураду»:

«Хутчэй за ўсё, калі схема адпрацуе, сітуацыя будзе выглядаць наступным чынам: даўгі застануцца на Беларусі, то бок на грамадзянах. На схеме заробяць кітайскія кампаніі, бо яны будавалі і таму што яны крэдытавалі ($ 675 млн), а прыбытак уласна пойдзе сямʼі ўцёклага экс-прэзідэнта з Кыргызстану Курманбека Бакіева. Які падзеліцца з інтарэсантамі ўнутры Беларусі».

Чалавек з беларускім пашпартам на імя Данііл Урыцкі абяцае, што маштабная вытворчасць будзе даваць $ 100 млн чыстага даходу на год. Яно і не дзіўна. Згодна з двума ўказамі Лукашэнкі БНБК плоціць меншыя падаткі, а таксама фактычна займеў магчымасць закупаць сыравіну па-за тэндарамі – з адной крыніцы, і гэтаксама прадаваць.

«То бок людзі па сутнасці без укладанняў арганізавалі буйны бізнес, атрымалі вялікія грошы ад кітайцаў. Кітайцы, ясная справа, не дурні, яны б сямʼі Курманбека Бакіева проста так такія грошы не далі. Таму спатрэбілася гарантыя з баку Рэспублікі Беларусь», – распавядае Уладзімір Кавалкін.

Агулам жа сёлета паскорылася плынь вывядзення грошай у афшоры з розных сектараў айчыннай эканомікі – кажа эканаміст і журналіст-расследвальнік Станіслаў Івашкевіч.

«Гэта можа тлумачыцца як тым, што ўлады думаюць, што ім не доўга засталося. Другое – што Лукашэнка цяпер менш спадзяецца на свой электарат, а ў большай ступені – на сілавы блок і невялікую вярхушку чынавенства, то ён у тым ліку такім чынам падкупае», – лічыць Івашкевіч.

Як паказвае прыклад «бакіеўцаў», пасля адыходу злачыннага рэжыму ад улады, магчыма, давядзецца працаваць, каб падтрымліваць прывычны лад жыцця.

Юлія Цяльпук, «Белсат»