Хрэнін і Лукашэнка рыхтуюцца адбівацца ад каліноўцаў


Чальцы Палаты прадстаўнікоў рыхтуюцца прыняць новую рэдакцыю закону аб ваенным і надзвычайным стане. Калі за змены прагаласуюць, то сам Лукашэнка ці Усебеларускі народны сход можа ўвесці ваеннае становішча, калі палічаць, што на тэрыторыі суседняй дзяржавы на Беларусь рыхтуецца напад экстрэмісцкіх групаў і арганізацыяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тым часам полк Кастуся Каліноўскага паведаміў «Белсату», што дасягнуў пэўнага ўзаемаразумення са Святланай Ціханоўскай, абмяркоўваючы магчымасць далейшай супрацы. Гаворка якраз пра вызваленне Беларусі ўзброеным шляхам.

Эліты на Захадзе выкідваюць трыльёны долараў на мілітарызацыю і спусташэнне дзяржаваў, на зброю і наймітаў. Так сёння выступіў Аляксандр Лукашэнка перад сакратарамі саветаў бяспекі краінаў АДКБ. З беларускага боку быў Аляксандр Вальфовіч, з расейскага – Мікалай Патрушаў, былы кіраўнік ФСБ. І менавіта супрацай з ФСБ у інфармацыйна-псіхалагічных аперацыях Лукашэнка пахваліўся.

«У аснове ўсіх гарачых канфліктаў ляжыць масаванае гібрыднае ўздзеянне на галоўныя сферы нашага грамадскага жыцця… Наступаюць па ўсіх франтах, і свабоднага месца няма… Паколькі мы з Расеяй на адным баку, нас запісалі ў суагрэсары», – вяшчаў Лукашэнка перад сілавікамі краінаў АДКБ.

Заклікі да АДКБ яднацца перад замежным ворагам зразумелыя – Лукашэнка апасаецца нападу ўзброеных групаў беларусаў з-за мяжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Полк Каліноўскага / Telegram

«Барацьба за свабоду Беларусі мусіць весціся сілавым, “кінетычным” шляхам, бо ўгаворамі, пікетамі ці адозвамі агрэсара не спыніць», – патлумачыў «Белсату» Вадзім Кабанчук, намеснік камандзіра палка Каліноўскага.

Адно з такіх узброеных фармаванняў – полк Кастуся Каліноўскага, які афіцыйна ўваходзіць у ЗСУ і цяпер ваюе пад Бахмутам. Напярэдадні каліноўцы пры дапамозе ўкраінскай парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» правялі сустрэчу онлайн са Святланай Ціханоўскай як прадстаўніцай Беларусі на дыпламатычным фронце.

«Мы абмяркоўвалі нашыя пазіцыі, абмяркоўвалі, як мы яшчэ можам дапамагчы нашым героям там, ва Украіне», – распавяла «Белсату» абраная прэзідэнтка Беларусі.

Асноўны мэсідж, які полк Каліноўскага перадаў Святлане Ціханоўскай – форма і дзеянне беларускага супраціву мусяць кардынальна змяніцца, бо негвалтоўны супраціў у сённяшніх умовах больш не працуе. Другі момант: калі Пуцін з Лукашэнкам пачалі і вядуць вайну, то з боку дэмакратычных сілаў мусіць ісці заклік да мабілізацыйнай кампаніі, каб вызваліць беларускі народ ад расейскай акупацыі.

«Вельмі была радая іх бачыць, бо нашыя ваяры натхняюць беларусаў, яны змагаюцца за Украіну, змагаюцца за Беларусь. Яны бачаць Беларусь вольнай», – распавяла Святлана Ціханоўская.

Каліноўцы спадзяюцца на значна большую дапамогу беларускім добраахвотніцкім фармаванням ад дыяспары і ад офісу Святланы Ціханоўскай. У тым ліку для нарошчвання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Але ў палка ёсць поспехі ў ваеннай выведцы.

«У нас ёсць сувязі з вялікімі пагонамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Мы раімся. Абмяркоўваем планы, як усё гэта будзе выглядаць», – паведаміў камандзір Палка Кастуся Каліноўскага Дзяніс «Кіт» Прохараў.

І хоць гэтыя планы пакуль выглядаюць па-рознаму, у каліноўцаў і афіцэраў вышэйшага каманднага складу ў Беларусі ёсць агульнае меркаванне ў важным пытанні, кажа Дзяніс «Кіт» Прохараў:

«Мы ўсе сыходзімся ў тым, што народ Беларусі будзе прымаць непасрэдны ўдзел у тым, якая Беларусь чакае нас усіх далей».

Тым часам прэс-служба Міністэрства абароны Лукашэнкі паказала, як Сілы спецыяльных аперацыяў узмацняюць мяжу з Украінай.

«Трэба быць гатовым да ўсяго. І сваёй прысутнасцю мы паказваем, што да гэтага гатовыя. Асабісты склад (роты ССА) па свайму маральна-псіхалагічнаму стану цалкам гатовы да выканання задачаў. Ніякага страху ні ў каго няма», – кажа вайсковец у масцы, прадстаўнік Сілаў спецыяльных аперацыяў Узброеных сілаў Лукашэнкі.

Сілы спецыяльных аперацыяў – гэта эліта Ўзброеных сілаў. Але на фатаграфіях бачна, што прынамсі частка вайскоўцаў займаецца «паказухай» ці вучэннямі.

Напрыклад, стралок са снайперскай вінтоўкай Драгунова глядзіць у закрыты снайперскі прыцэл.

Адзін з аўтаматчыкаў мае «пракачаную» цюнінгаваную зброю, але на канцы дула аўтамата ў яго пламегасіцель характэрнага срэбнага колеру – для халастых патронаў.

А гэты беларускі вайсковец на камеру бяжыць, гледзячы ў аптычны прыцэл.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»