Бізнес прапаноўвае амністыю для прадпрымальнікаў


Дзелавая супольнасць Беларусі спадзяецца на вызваленне ад крымінальнай адказнасці асуджаных за эканамічныя злачынствы. Умоваю для гэтага можа быць кампенсацыя шкоды: выплата ў бюджэт сумы, што фігуруе ў справе, пеняў і дадатковых судовых выдаткаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Краіне вельмі выгадна, каб бізнесоўцы і кіраўнікі працягвалі працаваць, застаючыся на волі. Мы зыходзім з таго, што за эканамічныя злачынствы павінная быць толькі эканамічная адказнасць. Прэзумпцыя невінаватасці павінная ляжаць у аснове дзеянняў усіх кантрольных і следчых органаў, а дзейнасць прадпрыемстваў прыпыняцца толькі па рашэнні суда», – паведаміў старшыня Найвышэйшай каардынацыйнай рады Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Андрэй Капыток.

У якасці прыкладу бізнес-саюз прыводзіць расейскі закон, паводле якога справу не адкрываюць або закрываюць у выпадку выплаты суб’ектамі гаспадарання штрафу, пені, нядоімкі. Аналагічныя нормы прапануюць увесці і ў нашай краіне.

«Калі гаворка пра якія-небудзь эканамічныя злачынствы, то гэта, я думаю, добрая магчымасць. Безумоўна залежыць ад сітуацыі», – заявіў прадпрымальнік Зміцер Завадскі.

«Не падзяляю такую ідэю, таму што гэта злачынцы. У першую чаргу злачынцы. І яны будуць тварыць злачынствы», – паведаміў дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой Яраслаў Кот.

Аднак у Беларусі вядомыя выпадкі, калі непажаданых для рэжыму прадпрымальнікаў судзілі нібыта за эканамічныя злачынствы, але насамрэч справы былі палітычна матываваныя. Гэтак, да прыкладу, бізнесоўцу Аляксандру Кныровічу, які крытыкаваў уладу, у 2018 годзе прысудзілі 6 гадоў калоніі. Афіцыйна – за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і дачу хабару.

«Гэта такое “пугала” для астатніх бізнесменаў. Маўляў, глядзіце, што з вамі будзе, калі вы будзеце мець сваю пазіцыю, як Кныровіч», – сказаў Сяргей Скрабец у 2018 годзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Закон і заканадаўства.
Фота: Inbusiness.kz

У сваім апошнім расследаванні ініцыятыва былых сілавікоў «Bypol» распавяла пра схемы, якія выкарыстоўваюць працаўнікі КДБ у дачыненні вязняў «амерыканкі». Да іх падсаджваюць так званых «казачкоў», якія абяцаюць паспрыяць змякчэнню тэрміну за грошы. То ці не стануць такія змены для рэжыму інструментам маніпуляцыі над бізнесам?

«Улады проста шукаюць яшчэ адну магчымасць крышачку ўзяць грошы ад прадпрымальнікаў, карыстаючыся ўжо менавіта грубай сілай, калі цябе садзяць у турму, а пазней табе прапануюць вызваленне за грошы», – дадаў Зміцер Завадскі.

У праграме дзейнасці ўраду да 2025 года гучаў намер скараціць пералік падставаў, паводле якіх прыцягваюць да крымінальнай і адміністратыўнай адказнасці, ды выключыць практыку пазбаўлення волі прадпрымальнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, каб даць ім права на дзелавую рызыку. Ці пойдуць у такім выпадку афіцыйныя ўлады на саступкі, прапанаваныя Канфедэрацыяй прадпрымальніцтва?

«Яны спрабуюць пастарацца выкарыстоўваць тых, хто забыўся, што Беларусь цяпер – краіна-тэрарыст і спансуе генацыд. І яны ўсяляк імкнуцца паказаць, што магчыма цэняць тых, хто так не думае. І яны будуць неяк культываваць і знаходзіць іх пабольш, нават калі яны ў турме», – падкрэсліў Яраслаў Кот.

Пакуль назіраем толькі ўзмацненне крымінальнай адказнасці. Гэтак, летась Лукашэнка ўвёў забарону на павышэнне цэнаў, пасля чаго пачаліся арышты кіраўнікоў крамаў і прадпрыемстваў. Пазней урад забарону адмяніў, але пакінуў пад кантролем цану на шэраг тавараў.

«Любыя змены, любое рэгуляванне – гэта імітацыя дзейнасці. Яны паказваюць, што нешта робяць. Мы прымаем нейкія нормы, гэта значыць, што мы працуем. Усё гэта – бачнасць дзейнасці, якое робіць горш», – падсумаваў Яраслаў Кот.

Не толькі недасведчанае кіраванне, але і палітычныя рызыкі адбіваюцца на скарачэнні бізнесу, адзначае Зміцер Завадскі. Паводле яго, шмат хто зʼязджае з краіны, бо прадпрымальніцтва – гэта заўсёды выбар больш свабодных і рызыкоўных людзей, якіх рэжым баіцца і хоча трымаць пад кантролем. Такім чынам, за 2022 год колькасць ІП паменшала на 9366. У заняпадзе таксама сфера ІТ – за мінулы год чысты адток кадраў склаў амаль 15 тысяч чалавек.

Андрэй Сульжыц «Белсат»