Пракуроры пайшлі да лекараў


Сто восем службовых асобаў прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці. Гэта сталася вынікам пракурорскага правярання арганізацыяў аховы здароўя Менскай вобласці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта абсалютна неэфектыўны спосаб. Прыязджае нейкі правяраючы – паглядзеў, убачыў недахопы, але самае галоўнае, няма магчымасці гэтыя недахопы неяк выправіць. Для гэтага павіннае быць нармальнае фінансавае забеспячэнне аховы здароўя», – мяркуе прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Сярод выяўленых парушэнняў – адсутнасць шэрагу медычных вырабаў і некаторых відаў абсталявання, наяўнасць пратэрмінаваных лекаў. Ёсць памылкі медперсаналу пры пераносе чэргаў на аперацыі з адной установы аховы здароўя ў другую ды хібы, звязаныя з дыспансерызацыяй.

«Шмат сродкаў ідзе не на лячэнне людзей, а на ўтрыманне бюракратычнага апарату, – разважае каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Зміцер Кухлей. – Калі гэтая вертыкаль знішчаецца, тады вызваляецца значна больш сродкаў на такія патрэбы, як ахова здароўя».

Асабліва шмат парушэнняў у так званых ФАПах (фельчарска-акушэрскіх пунктах), што існуюць для надання дапамогі ў вёсках. Там не стае лекаў, прычым самых простых, накшталт валідолу або дыклафенаку. Не выконваюць таксама маршрутаў і графіку надання дапамогі.

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Экіпаж машыны хуткай медычнай дапамогі выгружае пацыента ў прыёмным аддзяленні лякарні. Менск, Беларусь. 25 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

«У мяне гэтыя лекі на экстраную дапамогу сыходзілі літаральна за пяць дзён, а выпісвалі іх на тры месяцы, – кажа лекар-бактэрыёлаг асабліва небяспечных інфекцыяў, былая фельчарка Алена Давыдава. – Калі ў цябе ёсць на ФАПе аптэка, ты як бы пазычаеш у аптэкі. Калі табе мясцовыя жыхары захочуць аплаціць кошт аптэчнага варыянту – добра, калі не аплацяць – то атрымліваецца з тваёй кішэні».

Такі стан рэчаў не толькі ў Менскай вобласці. Яшчэ ў мінулым месяцы пракуратура адсправаздачылася пра падобныя парушэнні ў медычных установах Віцебскай вобласці.

«На гэтага фельчара накінулі столькі абавязкаў. Ён і загадчык ФАПа і санітарка. Найчасцей гэта адзін і той жа чалавек. А атрымлівае ён мінімальны заробак. З такой вялікай колькасцю абавязкаў проста немагчыма не знайсці нейкіх парушэнняў», – дадае Алена Давыдава.

Прычым праблема не новая. Летась Лукашэнка нават правёў нараду, на якой раскрытыкаваў стан медычнай галіны:

«Ёсць абуральныя праблемы ў больніцах, паліклініках, ФАПах. Сцены і столі разбураюцца, дзверы пакасіліся, элементарныя санітарныя правілы не выконваюцца».

Зрэшты, ніякіх зрухаў у лепшы бок не бачна. І ці будуць яны – незразумела.

Ян Федаровіч, «Белсат»