Беларускі адзначаюць Міжнародны жаночы дзень


Традыцыйныя фармальныя віншаванні і кветкі адзін раз на год. Свята 8 Сакавіка ў Беларусі ператварылася ў абстрактны «дзень жанчын», функцыя якіх працаваць і нараджаць дзяцей. Як выглядае партрэт сучаснай беларускі і які яе ўнёсак у грамадства?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

114 гадоў таму Клара Цэткін прапанавала адзначаць Міжнароднае жаночае свята. 8 Сакавіка – гэта сімвал змагання за роўныя правы. У прыватнасці, за права галасаваць, чаго жанчыны ў шмат якіх краінах не маглі рабіць на пачатку дваццатага стагоддзя. Барацьба за роўныя правы жанчын і мужчынаў працягваецца і сёння.

«Для беларускіх феміністак і фемактывістак 8 Сакавіка – гэта кожны дзень. Таму што 24/7 мы займаемся пытаннямі, якія звязаныя з правамі жанчын і гендарнай роўнасцю, робім адукацыйныя і асветніцкія кампаніі», – зазначае гендарная даследчыца Юлія Міцкевіч.

Між тым улады лічаць, што гэтае пытанне ў Беларусі ўжо не стаіць.

Напярэдадні свята Белстат апублікаваў партрэт так званай сярэднестатыстычнай жанчыны. Яе ўзрост 43,6 гады. Першы шлюб адбываецца ў 26,5 гадоў. 79,1 % беларусак жывуць у гарадах. 84,3 % працуюць, прычым 49,5 % – на кіраўнічай пасадзе. Але пасады гэтыя ў сферы аховы здароўя і сацыяльных паслуг (84 %), адукацыі (83,7 %). На 1000 мужчын у Беларусі 1165 жанчын.

Месца і роля жанчыны, на думку афіцыйных уладаў, перадусім забеспячэнне дэмаграфічнай функцыі. Такія заявы – рэакцыя кіраўніцтва краіны на дэмаграфічны крызіс у Беларусі, адною з прычынаў якога ёсць сам рэжым. Парламенцкая асамблея Рады Еўропы лічыць, што са жніўня 2020 года з Беларусі маглі з’ехаць ад 200 да 500 тысяч чалавек. Адзін з вынікаў гэтага – у мінулым годзе ў краіне нарадзілася на 23 255 чалавек менш, чым памерла.

А стымуляваць нараджаць больш можна з дапамогай адпаведнай фінансавай палітыкі, адзначае дырэктарка Цэнтру новых ідэяў Леся Руднік:

«Аднак у беларускага рэжыму няма ні эканамічнага рэсурсу, ні сацыяльнага, каб гэтым займацца. Таму адбываецца такая пэўная прапаганда з надзеяй на тое, што яна будзе мець уплыў на рашэнні нейкіх маладых, напэўна, беларусаў і беларусак нараджаць дзяцей, рабіць гэта больш часта, больш рана».

романтическое свидание, цветы, 14 февраля
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле звестак Сусветнага банку, на 50,15 % з усіх працоўных месцаў у краіне – жанчыны.

На пачатак мінулага года ў Беларусі было 4,95 млн. беларусак. Паводле звестак цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC», з іх працавала 65,8 %. Мужчынаў жа ў краіне – 4,25 млн., з іх працуюць 73,5 %.

«Асноўная прычына няўдзелу ў працоўнай сіле жанчын – вядзенне хатняй гаспадаркі. Жанчына ў Беларусі добраахвотна адмаўляецца ад сваёй прафесійнай кар’еры, каб займацца сям’ёй і сваймі дзецьмі», – зазначае навуковы працаўнік «BEROC» Алег Мазоль.

Улады падаюць такую сітуацыю як адпаведную традыцыйным каштоўнасцям. Але паўстае пытанне: што ж гэта за каштоўнасці?

«Мы ведаем, што беларускія жанчыны на 25 % меней зарабляюць у сярэднім за беларускіх мужчынаў. І гэты шэраг можна працягваць. Я ўжо не кажу, што зняважлівыя заявы дапускаюць лукашэнкаўскія чыноўніцы ў дачыненні беларускіх жанчын. Гэта ніяк не адпавядае поглядам ні хрысціянскай дэмакратыі, ні, я думаю, традыцыі беларускага народу», – зазначае адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Рэжым шмат гадоў намагаецца паказаць, што месца жанчыны на кухні. На справе беларускае грамадства перарасло такія ўяўленні. Яскравы прыклад таму – феномен Святланы Ціханоўскай, калі беларусы і беларускі прадэманстравалі, што яны прагнуць пераменаў.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»